З Полацку ў Лепель мы ехалі на “пазіку”. Нашая літбрыгада, на чале з Уладзімірам Арловым, выглядала нягорш за сталічную. Акрамя ўласна пісьменнікаў, палачане везьлі з сабой сьпевака Алена і барда Алега Паўлёнка. Такой брыгадзе было падсілу наладзіць самастойны выступ у раённым ДК. Таму ва ўсіх пасажыраў, нягледзячы на шэры, восеньскі дзень з занудлівым дожджыкам, быў добры настрой. Гэта як высокапрафэсійная футбольная каманда, складзеная з сусьветных зорак, едзе на нескладаны матч. Або як баксёрская чэмпіёнская зборная кіруецца на таварыскія баі да аматараў.
- Алег, расчахляй гітарару. - Арлоў, які сядзеў спераду, крутануў назад сваю барадатую галаву з кудлатай шавялюрай і амаль загадаў: - Засьпяваем.
- Гэта ў нас што, рэпетыцыя будзе? - жартаўліва спытала Ірына Жарнасек.
- Не, гэта для ўздыму баявога духу! - Арлоў засьмяяўся, як гэта бывае, калі ён у гуморы, і стаў моцна церці свае далоні.
- А што будзем сьпяваць? - паслухмяна спытаў Паўлёнак.
- “Наш дом”.
Можна было б і не пытацца. Бо гэтая песьня, пасьля таго як полацкія пісьменьнікі адстаялі ў чыноўнікаў старую камяніцу, стала амаль гімнам мясцовай літсябрыны. Яе сьпявалі на кожным паседжаньні літаратурнага аб’яднаньня “Крыніцы”. На месцы той камяніцы, што дасёння стаіць амаль насупраць полацкага гарвыканкаму, планавалі пабудаваць дзевяціпавярховік, чым канчаткова спляжылі б архітэктурны комплекс старой галоўнай плошчы горада.
Паўлёнак асьцярожнымі рухамі, бо “пазік” трэсла і кідала ў розныя бакі, расчахліў свой інстумент. Узяў для пробы некалькі акордаў, падкруціў калкі гітары і засьпяваў. Пасажыры аўтобусіка суладна падхапілі словы песьні.
Часам сум душу маю кране:
Мроіцца, што свет спавіты сном,
Што не для мяне, не для мяне
Гэты дзень смяецца за вакном.
Як тады балюча мне глядзець
На пусты стары забыты дом.
Больш яму агнямі не зіхцець,
Цемру разрываючы святлом.
Так пад спеў зімовых сцюж
Зносяць даўнія дамы,
Як часцінкі нашых душ,
І знікаем з імі мы.
Як тады балюча мне глядзець
На пусты стары забыты дом.
Больш яму агнямі не зіхцець,
Цемру разрываючы святлом.
Пасля таго як песьня сьціхла, у «пазіку» запанавала ціша. Кожны думаў нешта сваё.
- Вось яе абавязкова і прасьпяваеш у Лепелі, - задуменна сказаў Арлоў і дадаў: - Добрую песьню напісаў.