Алег Грузьдзіловіч Прадпрымальніка Андрэя Бандарэнку ў Бабруйскай калёніі другі раз зьмясьцілі ў карцэр. Пра гэта «Свабодзе» паведаміла сястра Бандарэнкі Ірына, якая спаслалася на ліст брата.
Вось што Ірына Бандарэнка сказала пра прычыны пакараньня:
«Яго прымушалі падпісаць ліст, што ён прызнае сябе вінаватым і стаў на шлях выпраўленьня. Андрэй адмовіўся, і яго накіравалі ў „шыза“ - гэта карцэр унутры калёніі. Потым выпусьцілі і зноў прымушалі падпісаць тую ж паперу, а калі ён адмовіўся, тады пакараньне паўтарылі. Якраз у чаканьні другога карцэру ён пасьпеў напісаць кароткі ліст, які я атрымала толькі сёньня», - паведаміла Ірына Бандарэнка. Паводле сястры прадпрымальніка Бандарэнкі, яго трымаюць у карцэры ўвогуле з 22 лістапада.
У кастрычніку Першамайскі суд Менску прызнаў актывіста АГП Андрэя Бандарэнку вінаватым у крадзяжы маёмасьці фірмы, якую ён сам стварыў. Андрэй Бандарэнка сваёй віны не прызнае і тлумачыць перасьлед палітычнымі прычынамі, у прыватнасьці, помстай за ўдзел у парлямэнцкіх выбарах 2008 году. Не чакаючы разгляду касацыйнай скаргі, прадпрымальніка адправілі для адбыцьця пакараньня ў Бабруйскую калёнію. Скаргу Андрэя Бандарэнкі на прысуд будуць разглядаць заўтра, 15 сьнежня, у Менскім гарадзкім судзе.
Вось адсюль