Выпускнікі і адміністрацыя Усходнееўрапейскай школы палітычных даследаванняў (УШПД)* выказваюць моцную занепакоенасць у сувязі з сістэматычнымі парушэннямі правоў чалавека ў Беларусі, і, у прыватнасці, крымінальным пераследам выпускніка школы Андрэя Бандарэнкі і вынясеннем яму несправядлівага абвінаваўчага прысуду без наяўнасці доказаў.
Былы прадпрымальнік Андрэй Бандарэнка прымаў удзел у парламенцкіх выбарах у якасці кандыдата ў дэпутаты восенню 2008 г. Як вядома, назіральная місія БДІПЧ АБСЕ прызнала гэтыя выбары неадпаведнымі як еўрапейскім стандартам ў галіне дэмакратычных выбараў, так і міжнародным дамовам, падпісаным урадам Беларусі. Стаўшы сведкам парушэння выбарчага заканадаўства і фальсіфікацый, Андрэй Бандарэнка неаднаразова звяртаўся ў дзяржаўныя органы з гэтай інфармацыяй. Аднак рэакцыяй з іх боку стаў арышт Андрэя па абвінавачанні ў фінансавых злачынствах у траўні 2009 г.
Да выбараў Андрэй Бандарэнка працаваў бізнес-кансультантам ў будаўнічай арганізацыі «Белвысотстройгруп» - фірме, якая да яго ўдзелу ў выбарах не мела праблем з дзяржаўнымі кантрольнымі структурамі. Пасля арышту Андрэю Бандарэнку было прад'яўлена абвінавачанне ў крадзяжы грашовых сродкаў у асабліва буйным памеры з выкарыстаннем службовага становішча (арт. 210 ч. 4 Крымінальнага кодэксу Беларусі). Аднак абвінаваўчы бок не прадставіў аніякіх доказаў таго, што Андрэй Бандарэнка завалодаў якімі-небудзь грашовымі сродкамі альбо чужой уласнасцю. Гэтыя абставіны не перашкодзілі суду ў кастрычніку 2009 г. вынесці прысуд былому кандыдату ў дэпутаты Андрэю Бандарэнку - 7 гадоў пазбаўлення волі. Лічачы рашэнне суду несправядлівым, 22 кастрычніка 2009 г. Андрэй Бандарэнка абвясціў бестэрміновую галадоўку і накіраваў у суд касацыйную скаргу ў знак пратэсту супраць несправядлівага прысуду з патрабаваннем свайго апраўдання і вызвалення.
Я прысутнічаў на судзе і магу сказаць, што пераслед Андрэя Бандарэнкі з'яўляецца палітычна матываваным. Я ўпэўнены, што пра палітычны характар прысуду сведчаць як хада выбарчай кампаніі Андрэя Бандарэнкі, так і адсутнасць доказаў прысваення ім якіх-небудзь грошай.
Адвакаты Андрэя Бандарэнкі выступілі ў судзе за яго апраўданне з прычыны адсутнасці складу злачынства ў яго дзеяннях. Пасля суду яны зацвердзілі сваю пазіцыю фактам падачы касацыйнай скаргі.
Мы, выпускнікі і кіраўніцтва Усходнееўрапейскай школы палітычных даследаванняў, слухачом якой у 2008 - 2009 г.г. быў Андрэй Бандарэнка, выказваем сваю салідарнасць з яго справядлівымі патрабаваннямі і заклікаем беларускую і міжнародную супольнасць дапамагчы нам дабіцца справядлівасці і вызваліць з-за кратаў нашага калегу.
З павагай,
выпускнікі і адміністрацыя Усходнееўрапейскай школы палітычных даследаванняў