Добра, і я ўстаўлю свае пяць капеек пра Толю Сыса да ягонага пяцідзесяціпяцігоддзя. Тым больш, і ў адным доме з ім калісці жылі (толькі ў розных пад’ездах), і Сыс мне свой верш прысвяціў, і выпівалі з ім багата…
Ведаеце, чаму Толік піячыў і блазнаваў? З прычыны адсутнасці аўдыторыі, што для паэта смерць. Я так думаю. А таксама з прычыны татальнай задухі, гэткага браку кісларода -- што ў беларускае літаратуры, што ў Беларусі.
Памятаю, святкуем з блізкімі сябрамі мой дзень народзінаў у рэстарацыі на Фрунзэ-5, у тагачасным Саюзе Пісьменнікаў. Толік прыцягваецца ў сраку п’яны, у нейкіх скрываўленых джынсах і з рассечанай галавою. Маўляў, выпіваў з нейкім мужыком, пачаў яму свае вершы чытаць, а мужык яго -- хрась сякерай па галаве. Бярэ мяне за руку і ўкладае палец ў рану на галаве, нібы я той евангельскі Фама: маўляў, памацай, памацай, ат так і да самога чэрапа…
А за суседнімі столікамі нейкая кампанія гопнікаў сталага ўзросту таксама нешта святкуе - з гітарай, “Уладзімірскім цантралам” і ўсім, чым у гопнікаў прынята. Толік кідаецца за гопніцкі столік: а давайце, маўляў, я вам вершы пачытаю! Гопнікі выпадаюць у асадак - а, ну так, тут же, панімаеце, чего-то па-беларускі на шыльдзе напісана, здаецца нешта пісьменніцкае… хай чытае для нацыянальнага каларыту, прыкольна!
Толіку не толькі не засадзілі сякерай у голаў, але яшчэ і чарку яму налілі, з рознымі паблажлівымі кпінамі наконт “этого белорусского языка”. І ён, дурань, тую чарку з гопніцкіх рук узяў. Пра што я яму вельмі сувора і выказаўся. На што Сыс ва ўласцівай яму манеры адказаў: “Слава, ты дурны ці што? А дзе мне яшчэ свае вершы чытаць?..”
Зрэшты, з тых часоў сітуацыя асабліва не змянілася - ані ў Беларусі, ані ў нашае літаратуры.
…А на той мой дзень народзінаў Толя падарыў мне масянджовы партабак. Вось гэты, што на здымку. Я ў ім грошы захоўваю.