Шапэн. Непрамыя асацыяцыі.

Jul 11, 2014 22:58

…і вось ідзеш ты позна ўвечары закінутымі чарнігаўскімі могілкамі канца пазамінулага стагоддзя, і гучыць у цябе ў галаве Балада g-moll Шапэна. І зважаеш знянацку, што на даўно ўжо занядбаным, парослым бадыллём капцы валацужны сабака гырчыць над пацвілай косткай.
І злятае з мазгоў тая чароўная мелодыя, і ў “сухой астачы” асацыятыўна з’яўляюцца толькі дзве тэмы: 3-ая частка санаты b-moll, знакаміты пахавальны марш “таааа-таааа-та-та”, растыражаваны легіянамі могілкавых лабухаў-духавікоў на ўсіх кладавішчах, і папсовы “Сабачы вальс”, які Шапэн напісаў для мопсаў сваёй дурной і капрызлівай каханкі Жорж Санд.
Абедзьве гэтыя мелодыі Фрэдэрыка Шапэна выконваюцца куды часцей, чым ўсе ягоныя Накцюрны, Паланэзы, Мазуркі, Вальсы, Санаты ды інш., разам узятыя.
Вось так і ўваходзяць у гісторыю мастацтва: “з нагоды”, а не праз пекную музыку.
Карацей, амаль згодна Б. Пастэрнака: “Опять Шопен не ищет выгод…”
Previous post Next post
Up