2012 год відавочна пачынаецца нашмат лепш, чым сканчваўся і праходзіў. Першага студзеня справы прымусілі мяне пасля 1,5 гадзіны сну сесці на цягнік і паехаць у Польшчу. Па дарозе быў запланаваны прыпынак у Варшаве. Аднак да Цярэспаля я не была ўпэўненая, ці ён будзе мець месца, ці ўсё ж не. Стаўся цуд! І сёння я хачу падзякаваць майму ліцэйскаму сябру
franak за гэтыя выдатныя дні. Я думала, што мы правядзем разам суткі, але Варшава апынулася такой самай "чорнай дзірой", як калісьці Кракаў. Я, якая так моцна цэніць адзіноту, сёння мела і мае яе ці не больш, чым магла б марыць. Дзякуючы табе ў мяне ёсць Варшава, ноч, пакой толькі для мяне і дахі ў вакне, на якія я магу глядзець. Я ведаю, што ты праводзіш са мной столькі часу, колькі можаш. Я, у сваю чаргу, выкарыстоўваю рэшту так, як бы я хацела і марыла. Сёння я збегла ад вас і сапраўды паехала ў Стары Горад, але я не папаліла пад калонай Зыгмунта, заместа гэтага я пайшла далей, у гэтыя маленькія і крывыя вулачкі (гэта амаль немагчыма - упершыню я была ў Ваве 13 гадоў таму, я ведаю назвы ейных раёнаў як свае пяць пальцаў, але амаль не ўяўляю, як іх размясціць на мапе), спусцілася да Вісластрады, у чарговы раз зразумела варшавякаў, якія ўзгадваюць яе нядобрым словам, бо над ракой не пашпацыраваць, прайшлася ля Барбакану, узгадала, як амаль 10 гадоў таму піла піва з Паўлінай і ейнымі сябрамі ў кустах на гары над Віслай (так-так, сёння я праходзіла ля гэтага месца), як размаўляла з чэшкай на прыпынку пад Слёнска-Дамброўскім мастом, як праз той самы мост калісьці шпацыравала адна, як...
У Варшаве, як для горада, у якім я ніколі не жыла, у мяне занадта шмат успамінаў. Я ніколі не прыяжджала сюды проста так, ад няма што рабіць. І заўсёды выкарыстоўвала мачымасці гэтага цэнтральна-еўрапейскага Рыму. Так і сёння.
Мой сябар, дзякуй табе за дні, за ночы, за ўсіх гэтых людзей, за твой клопат пра мяне, за магчымасць у чарговы раз адчуць гэты горад, за нязробленыя - у пэўным сэнсе дзякуючы табе - памылкі, за тваё таварыства і за шмат яшчэ што. Мы ўбачымся зранку. А пасля не ведаю дзе. Але спадзяюся - баюся пасля снежня казаць "упэўненая" - што не апошні раз.
Мне мала.