Рыхтуймася да Жаночага дня разам у межах першага беларускага радыё-рэаліці шоў “Жаночае імя Беларусі

Feb 12, 2009 09:48

Радыё TUT.BY, партал TUT.BY сумесна з кампаніяй “Ивкон”, а таксама Зміцер Вайцюшкевіч прадстаўляюць першае беларускае радыё-рэаліці шоў “Жаночае імя Беларусі”.

Вы хочаце зрабіць арыгінальны падарунак каханай, маці ці проста знаёмай да 8 сакавіка? Вам - да нас! Па-першае, таму што ў нас вы можаце намінаваць жаночае імя на тытул “Жаночае імя Беларусі”, якое будзе апетае Зміцерам Вайцюшкевічам. Па-другое, абраць стыль выканання песні-прысвячэння. Па-трэцяе, вы зможаце не проста назіраць за працэсам стварэння песні ў гонар “Жаночага імя Беларусі”, але і ўплываць на працэс: даваць свае парады паэту і кампазітару-выканаўцы, выказвацца пра ўвесь рабочы матэрыял, прапаноўваць свае варыянты тэксту і музыкі. На вашых вачох Зміцер Вайцюшкевіч і паэт Уладзімір Някляеў, сустракаючыся толькі ў студыі Радыё TUT.BY напрацягу тыдня, створаць песню-прысвячэнне Жаночаму імені Беларусі паводле слухачоў Радыё TUT.BY і наведвальнікаў парталу TUT.BY.

Да падрабязнасцяў:

16 лютага з 15.00 да 16.00 пройдзе он-лайн канферэнцыя са Зміцерам Вайцюшкевічам і Ўладзімірам Някляевым, пад час якой галоўны творчы склад праекту дасць усе тлумачэнні аб праекце, а таксама адкажуць на пытанні слухачоў.

Для ўдзелу ў праекце трэба з 16 па 19 лютага пакінь свой варыянт жаночага імя, якое павінна стаць Жаночым імем Беларусі, на партале TUT.BY пад адпаведнай публікацыяй, ці на старонцы Радыё TUT.BY. Таксама імёны-прэтэндэнты прымаюцца ў камунікатарах прамога эфіру Радыё: skype - radiotutby ці ICQ 470659469.

19 і 20 лютага на галоўнай старонцы парталу TUT.BY пройдзе галасаванне за стыль выканання песні-прысвячэння.

З 23 лютага па 1 сакавіка прагаласуй за імя, якое мусіць быць апетае. Галасаванка будзе змешчаная таксама на галоўнай старонцы парталу TUT.BY і на старонцы Радыё TUT.BY. вашыя галасы за пэўнае імя будуць прымацца і вядоўцам у студыі.

З 2 па 5 сакавіка вырашальны тыдзень! Творцы дадуць абяцанне напрацягу тыдня сустракацца толькі ў студыі Радыё TUT.BY, а таксама не мець аніякіх кантактаў па-за эфірнай прасторай. Толькі 2 сакавіка паэту і кампазітару стане вядомае імя-пераможца галасавання, пасля чаго яны 2 гадзіны на дзень пад пільным аўдыё і відэа наглядам слухачоў Радыё TUT.BY будуць займацца творчасцю. Штодня па завяршэнні эфірнай працы на сайце Радыё будуць з’яўляцца тэксты-напрацоўкі і запісы варыянтаў музыкі, парады па змяненні якіх будуць прымацца да наступнай сустрэчы творцаў.

6 сакавіка будуць падведзеныя вынікі першага беларускага радыё-рэаліці шоў - слухачы Радыё TUT.BY пачуюць песню-прысвячэнне “Жаночаму імені Беларусі”. Гэтую ж песню Зміцер Вайцюшкевіч выканае на сваім вялікім канцэрце з нагоды Міжнароднага жаночага дня 8 сакавіка ў вялікай канцэртнай залі “Мінск”.

Таму, рыхтуючыся да жаночага свята, - рабіце гэта разам з намі: прапануйце, абірайце і прысвячайце!

За ідэю шоў шчыры дзякуй мілай Юліі Ляшкевіч!

радио

Previous post Next post
Up