Зацікавілася пытаннем вывучэння беларускай мовы дзеля дзіцяці... яксці сумна ды сорамна ад таго што вынайшла у інтэрнеце...
"Беларускамоўная група? Гэта немагчыма!” Менавіта такі адказ я атрымала ад загадчыцы аднога з дзіцячых садкоў, які наведвае мой двухгадовы сын, на прапанову стварыць групу з беларускай мовай камунікацыі. Пры гэтым загадчыцу мая прапанова не столькі здзівіла, колькі абурыла. Амаль адразу пасыпаліся пытанні накшталт: “А чаму Вас наведала такая ідэя?”, “Чаму Вас гэта так турбуе?” Сапраўды, жывем у Беларусі, ды яшчэ і па-беларуску прыдумалі размаўляць!
Змяніўшы гнеў на літасць, загадчыца паведаміла, што нават калі я збяру бацькоўскі сход, то ўсё адно стварыць беларускамоўную групу будзе немагчыма, паколькі “кадраў і так не хапае, а тым больш, дзе я знайду выхавацельку, што валодае беларускай мовай!”
Вось такі мне далі выбар: калі нават і знайду аднадумцаў, жадаючых, каб іх дзіця ведала мову, то ўсё адно групы не будзе.
Канешне, гэта парушэнне заканадаўства: як Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (арт. 5), згодна з якім “дзяржава гарантуе ў адпаведнасці з законам свабоду выбару мовы выхавання і навучання”, так і Закону “Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь” (арт.21). У адпаведнасці з апошнім, “кіраўнікі і педагагічныя работнікі сістэмы адукацыі павінны валодаць беларускай і рускай мовамі”.
Выхавацельніцы мусяць ведаць мову, але я ахвотна веру, што знайсці такія кадры амаль немагчыма. Ды і сама загадчыца прызналася, што, хоць мае вышэйшую адукацыю, сама вольна беларускай мовай не валодае... Аб нацыянальнай мове мусіць клапаціцца дзяржава, бо беларуская мова абароненая Канстытуцыяй. Дзяржава мусіць дбаць пра мову, заахвочваць карыстацца ёю, бо гэта мова тытульнай нацыі. Таму мы можам пісаць калектыўныя заявы, патрабаваць, бо, зрэшты, гэта абавязак дзяржавы - забяспечваць патрабаванні грамадзянаў.
Мы вырашылі даведацца, што мясцовыя ўлады робяць для развіцця беларускай мовы. Улетку сябры гомельскай філіі ТБМ звярталіся з лістом да гарвыканкама. Былі зададзеныя наступныя пытанні:
- колькі садкоў (групаў у садках) з поўным працэсам выхавання на беларускай мове функцыянуе ў г. Гомелі?
- колькі на сённяшні дзень рыхтуецца спецыялістаў для групаў з беларускай мовай выкладання ў г. Гомелі?
- наколькі сістэма дашкольнай адукацыі забяспечаная адпаведнай метадычнай і навучальнай літаратурай?
- што робіцца для папулярызацыі беларускай мовы ў дашкольных установах?
- ці ладзіцца маніторынг па выяўленні попыту на беларускую мову навучання сярод бацькоў, чые дзеці наведваюць дашкольныя ўстановы?
На гэты ліст гарвыканкам даслаў наступную адпіску:
Адзінае, чым можа зацікавіць гэты адказ - “100 % выпускнікоў гэтых устаноў (Гомельскага дзяржаўнага педагагічнага каледжа імя Л.С. Выгоцкага і Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П. Шамякіна) маюць права рэалізоўваць адукацыйны працэс у дашкольных установах на беларускай мове”. “Маюць права” - значыць, як мінімум, здольныя. Ну вось, а гаворыце, што кадраў няма.
Для папулярызацыі беларускай мовы ў дашкольных дзіцячых установах у нас час ад часу ладзяцца мерапрыемствы на беларускай мове ў адпаведнасці з праграмай “Пралеска”. Плён ад гэтага невялікі, бо дзеці, пачуўшы невядомую дагэтуль мову, проста нічога не разумеюць і не запамінаюць.
Дарэчы, дадзеных аб тым, колькі на сённяшні дзень садкоў ці групаў у садках з беларускай мовай навучання ў г. Гомелі, мясцовыя ўлады так і не падалі. Узгадваюцца словы старшыні Таварыства беларускай школы Алеся Лозкі: «У Беларусі зараз засакрэцілі статыстыку беларускамоўнага навучаньня, каб не ўзбуджаць нядобрыя настроі ў людзей…»
Хачу зазначыць, што ў Гомелі сітуацыя з беларускамоўнай адукацыяй даволі складаная: штогод набіраецца толькі адзін беларускамоўны клас ў адзінай сярэдняй навучальнай установе - гімназіі № 36 імя І. Мележа, ды і там навучальны працэс далёка не цалкам беларускамоўны. Такія прадметы як матэматыка, ангельская мова, фізіка, хімія, біялогія, інфарматыка і інш. выкладаюцца на рускай мове. Таму ці можна назваць гэта паўнавартаснай беларускамоўнай адукацыяй? Ды й знаходзіцца гімназія не ў зусім зручным месцы - далёка ад цэнтру і іншых раёнаў горада. Адзіны вядомы мне дзіцячы садок з беларускамоўнымі групамі, №160, знаходзіцца ў тым жа Савецкім раёне, амаль на ўскраіне горада. Таму дашкольная адукацыя на першай дзяржаўнай мове даступная далёка не ўсім.
У той жа час шмат бацькоў як мінімум нядрэнна ставяцца да беларускамоўнай адукацыі. Вось якія адказы мы атрымалі на адной з дзіцячых пляцовак майго раёна apytanka.mp3 [1,46 Mb] (cкачиваний: 7):
- Скажыце, калі ласка, як Вы ставіцеся да беларускамоўных групаў у дзіцячых садках? Ці аддалі бы Вы сваё дзіця ў беларускамоўную групу ў садку?
- Нейтральна. Проста нейтральна,- адказалі маладыя бацькі з вазком. А не для запісу дадалі: “Але дзіця ў беларускамоўную групу не аддалі б, БО МЫ БЛІЖЭЙ ДА РАСЕІ”.
Дзве жанчыны на лавіцы адказалі наступнае:
- Хай вывучаюць, бо ў школе беларуская мова таксама патрэбна будзе.
- Я б не аддала, таму што яны яшчэ дрэнна гавораць па-руску. У старэйшай групе - можа быць. Каб гэта БЫЛО ЎВЕДЗЕНА.
Мужчына з унучкай:
- Не думаў пра гэта, таму што ўсе нашыя групы рускамоўныя, дзіцячы садок быў на рускай мове, і ШКОЛА ЗАРАЗ БУДЗЕ ТАКСАМА НА РУСКАЙ МОВЕ.
Маладая матуля:
- Нармалёва ставімся, аддалі бы, таму што беларуская мова - таксама родная мова, мы яе павінны ведаць з дзяцінства.
Матуля з дзяцём:
- Нейтральна стаўлюся. Можа быць, і аддала б. У нас жа Беларусь, двухмоўе: чаму нароўні з рускай не ведаць беларускую мову? Таму што, як правіла, мы ні тую, ні тую не ведаем.
Маладыя бацькі з немаўлём:
- Нармальна. Станоўча. Нічога не бачым ў гэтым благога.
Дзве маладыя жанчыны:
- Калі толькі па-беларуску, то не. Калі там будзе дзве мовы, то можа быць. Я проста памятаю, калі я пайшла ў першы клас, у нас была беларусізацыя, і была ўся матэматыка, усе падручнікі на беларускай мове. Не, я не хачу, каб маё дзіцё так пакутавала і не ведала, як пішацца гэтае слова.
- А я цалкам нармалёва стаўлюся да гэтага і аддала бы дзіця без праблем.
Жанчына з унукам:
- Калі б дзве мовы было - так. Бо наша краіна ў большасці гаворыць па-руску. На беларускай мове, на правільнай беларускай мове, у нас гавораць адзінкі. Калі чуеш перакручаную мову - гэта жудасна.
Матулі з дзецьмі:
- У прынцыпе, станоўча стаўлюся. Але не аддала бы сваё дзіцё, таму што ў нашай сям’і заведзена размаўляць па-руску. Калі б мы размаўлялі на беларускай мове, пастаянна зносіны ажыццяўляліся па-беларуску, тады - так, я бы вітала наведванне маім дзіцём такіх садкоў.
- Станоўча. Канешне, я бы аддала. Чамусьці ўсе ведаюць дзве мовы, а мы - адну толькі. Хай вывучаюць дзеці, каб ведалі родную сваю мову ў першую чаргу. А потым - рускую.
- Нармальна. Мова для азнаямлення - так, у плане вывучэння. Аднак залежыць ад жадання дзіцяці ў будучыні. То бок, адсоткаў на 50-70 - так, аддала б.
- Я бы аддала дзіця ў беларускамоўную групу. Увогуле мяркую, што калі ёсць Рэспубліка, то павінна быць і мова, і яна павінна быць з самога пачатку, з дзяцінства. Вельмі цяжка, калі дзеці вырастаюць і пачынаюць размаўляць то на рускай мове, то на беларускай, гэта вельмі дрэнна. Таму ўсё мусіць пачынацца з азоў, калі з дзяцячага садка, то гэта павінна працягвацца і ў школе, і ва ўніверсітэце.
- Добра. Аддала бы, таму што свая мова падабаецца.
- Станоўча. Я сама пайшла ў першы клас з беларускамоўным ухілам, таму аддала бы сваё дзіця ў такую групу.
- Не ведаю. Напэўна, для дзіцячага садка - гэта яшчэ ранавата. Калі толькі для старэйшых групаў ці дашкольнай падрыхтоўкі, то можа быць. А што датычыцца зусім маленькіх - трох-чатырох гадоў - то яны яшчэ і па-руску не ўмеюць размаўляць. Напэўна, не аддала б дзіця ў такую групу, бо сама не ведаю мовы, а з ім жа трэба будзе займацца…
Застаецца толькі спытаць ва ўладаў, якія ж тады яны ладзяць маніторынгі і апытанкі? Ці, калі ладзяць, яны проста не ўлічваюць меркавання насельніцтва?
Але ў дадзенай сітуацыі, вядома, вінны і сам народ, бо часта ад людзей даводзіцца чуць: “мы ж не вінаватыя, што няма ні садкоў, ні школаў беларускамоўных” ці “мы бы наведвалі беларускамоўны садок, каб ён быў”. Але, як вядома, пад ляжачы камень вада не цячэ. Таму, калі мы хочам захаваць сваю найвялікшую спадчыну - мову - трэба гуртавацца, шукаць адзін аднога і галоўнае - патрабаваць. Тым больш, што зараз пры жаданні рэальна адшукаць аднадумцаў, напрыклад, у інтэрнэце, на сайце http://dzietki.by, у сацыяльных сетках (http://vk.com/mova_dzyatsyei) ці размесціць заклік на старонках газеты "Наша Ніва".