Паўстанні… Паўстаюць людзі і паўстаюць гмахі.
Пасля паўстання ў Варшаве пачалі паўставаць праваслаўныя цэрквы з цыбулінамі. Іх было ўжо больш за дваццаць, але ў 1894 годзе пачалося будаўніцтва вялізнага сабору Аляксандра Неўскага на Саскім пляцы. Ён сягаў уверх на 70 метраў. Самы высокі будынак мусіў сведчыць пра “веліч царквы ў рускай дзяржаве”. Ён і сведчыў. Гадоў дзесяць. У 20-я новая польская ўлада яго прыбрала. Задача з тэхнічнага боку была няпростая, затое мэта вельмі нават простая: пазбавіцца напаміну пра расейскае панаванне.
Пасля паўстання паўстаў і ПКіН. Палегла ў тым паўстанні тысяч 180 насельніцтва, ляжала ў друзе Варшава, якую фашысцкія акупанты зруйнавалі без усякіх хітрыкаў. Затое “падарунак Сталіна польскаму народу” або “палац кулі і навукі”, паводле дасціпнай тапанімікі, стаў, на радасць турыстам, арыенцірам у польскай сталіцы. Пытанне зруйнавання паўставала. Так. Проста мэту сфармуляваць не здолелі, і з тэхнічна боку задачу прызналі занадта складанай.
ПКіН побач з былым пляцам Саскім. Зараз гэта пляц Пілсудскага. Вялізны і пусты. Турыстам можна расказваць і пра тое, што тут некалі быў… І пра тое, што вызвалены пляц змясціў 500 тысяч палякаў, якія прыйшлі ў 1979 паслухаць свайго Яна Паўла ІІ.