Мы наведваем школку Мантэсоры, ужо амаль паўгады. І толькі зараз, пасля семінара па пытанням развіцця маўлення, што вяла прафесар, якая стаіць у вытокаў Мантэсоры-педагогікі ў Беларусі, я скачала сабе кнігу па гэтай методыцы.
У гэтым уся я - канешне, перад першым заняткам у школе я праглядала паверхнева асноўныя прынцыпы, чытала плюсы і мінусы методыкі, але вось каб паглыбіцца, разабрацца ў тонкіх дэталях - на гэта мяне не стае. І зноў заўважаю - толькі скачала, яшчэ не чытала. Буду выпраўляцца.
Там мы глядзелі таксама фільм пра амерыканскага хлопчыка 20 месяцаў, якога выхоўваюць у духу Мантэсоры ад нараджэння і які ў свае месяцы ўмее, выкарыстоўваючы востры сапраўдны нож, намазваць тост маслам і разрэзваць яго ж на ўтульныя для сябе кавалачкі, гэта калі не называць здаравенны шэраг іншых уменняў, побытавых, такіх звычайных для дарослага, але такіх бясконца важных для дзіцяці.
І вось толькі ў апошнія два дні я нарэшце амаль зусім не дапамагаю Стасю (у ягоныя 30 месяцаў) есьці і мы робім першыя і не безвыніковыя спробы самастойна апранацца і распранацца здыманне і падцягванне трусікаў пасля гаршку не лічыцца. І гэтыя ягоныя поспехі ў самастойным апрананні і прыманні ежы прымушаюць мяне клясці сябе на чым свет стаіць - чаму раней дзіцёнку не даць рабіць усё самому. Самае цікавае, што атрымоўваецца шмат чаго (бо даўно ўжо, мабыць, ёсць неабходныя ўменні і навыкі, развіццё маторыкі), але вось заўважаю ягоную нецярплівасць, жаданне, каб адразу атрымоўвалася - а калі не, то рычанне і хныканне. То бок жаданне ёсць, а вытрымкі на шматлікія спробы ўжо не заўсёды стае. Бо ведае, што мама можа зрабіць усё сама. Вось мне вынік "давай зраблю за цябе - выйдзе хутчэй і якасней" (услых не прагаворваецца, але дзіцёнкам счытваецца). Але будзем змагацца, галоўнае ўжо ёсць разуменне і жаданне і нават злоба такая на сябе, якая не дасць расслабіцца. Галоўнае не ціснуць зараз на дзіця, жадаючы выправіць свае памылкі.
Мы ўсе гэтыя дні корчым рожыцы, бо так можна цудоўна развіць і ўзмацніць рэчавы апарат, заўтра ў школе вазьму матэрыялы па масажу і самамасажу твару. Спадзяюся, гэта дазволіць нам палепшыць якасць рэчы і асіліць гэтыя "р, л".
І яшчэ тут для сябе, для памяці ўражанняў, запішу свой водгук на гэіты семінар (думкі дублююцца)
Хацела б шчыра падзякаваць усім, хто зрабіў магчымым гэты семінар.
Жывая размова, найвышэйшая ступень прафесійнасці лектара, ўтульная і добразычлівая атмасфера - што можа быць лепш, каб атрымаць задаволенасць ад працэса і жаданы вынік. Магчымасць паглыбіцца і разабрацца ў вострых надзённых пытаннях у фармаце непасрэдных зносінаў са спецыялістам такога ўзроўню - неацэнная.
Нашыя плады ад гэтай сустрэчы - натхненне; зарад бадзёрасці і жаданне дзейнічаць; канкрэтныя адказы на хвалюючыя пытанні; веданне новых простых, але дзейсных падыходаў да вырашэння шэрагу праблем, датычных выхавання і развіцця дзіцяці.
Вельмі хочацца падзяліцца радасцю, што напаткала нас ужо на наступны дзень пасля семінару: агульнасямейнае корчанне рожыц перад люстэркам прыносіць невымоўную асалоду. А самастойна з’едзеныя дзіцёнкам сняданак, абед і вячэра; ахвотная дапамога ў іхнім прыгатаванні; той час, што пайшоў на спробы ( і не безвыніковыя) самастойна апрануцца і распрануцца, выклікалі змяшанае пачуццё гонару за дзіця і сораму за ўсёпаглыналную любоў (для дасведчанных).