Мне вельмі цяжка казаць пра тых, хто сыйшоў.Я думала, што я гатовая да яго сыходу, але ў мяне ўнутры зараз дзірка велічынёй з усе маё сэрца і я зноў зусім не магу плакаць і адчуваць.
З Віталём я сутыкнулася хутка пасьля Вовінай сьмерці праз інтэрнэт. А асабіста пазнаёміліся ў 2007 годзе - мы прызначылі сустрэчу ў Нацыянальным музеі - Алесь яшчэ не хадзіў, і пакуль мы размаўлялі, Алесь коўзаўся па паркеце музейных залаў.. І я шчыра нават не памятаю, як і калі мы пасьпелі стаць сябрамі (у Віталіка гэта атрымлівалася так лёгка і шчыра), а зь цягам часу - вельмі блізкімі сябрамі.
дзень знаёмства..
Потым Віталь прыйшоў да нас у госьці і падарыў ці не адзін з самых дарагіх падарункаў для мяне - кнігу Vitali Silitsky and Jan Zaprudnik Historical Dictionary of Belarus. Гэтая кніга мае эпіграф - This book is dedicated to the memory of Uladzimir Katkouski. Віталь так ніколі і не сустрэўся з rydel23.
На вокладцы па правілах выданьня быў афіцыйны чырвона-зялёны сьцяг Беларусі, і мы разам заклеілі ў падораным і падпісаным асобніку “афіцыйную сымболіку” налепкай для машыны з пагоняй.
Віталік вельмі любіў жабіка (і ўзаемна - Алесь заўсёды пытаўся дзе Хрун і любіў да яго ездзіць), часта прывозіў яму падарункі з вандровак.
Віталік - гучны, вялікі, вясёлы, такі рознабаковы - класна гатаваў, зь ім можна было хадзіць па крамах, прывозіў мне дзявочыя замовы з далёкіх замежжаў, можна было спытаць парады калі зьбіраешся сур’ёзна зьмяніць працу і сферу дзейнасьці, можна было гуляць у гульні і карты, напівацца і сьпяваць песьні. Віталік - адзін з самых цёплых і адкрытых, казаў у вочы што любіць і чым захапляецца, сыпаў кампліментамі. Я ўсьцешана, што мы пасьпелі сказаць яму шмат разоў як мы яго любім і адчуць гэтую ўзаемнасьць.