За маразы заўважыла за сабою цікавую рэч і ўмоўна назвала гэта харчовым голасам продкаў :) Мне ўвесь час хацелася есьці нейкай традыцыйнай беларускай ежы, што абсалютна не адпавядае маім звычайным харчовым прэферэнцыям - я хачу сала, тоненька нарэзанага бел-чырвона-белага, абавязкова з часныком, на лусту чорнага духмянага хлеба. Дарэчы, у нашым офісе есьць цудоўная карпаратыўная завядзенка - адзін партнёр, што жыве ля Камароўскага рынку, узімку і ўвосень штопанядзелак прыносіць у лядоўню аграменную лусту на пару кіляў карпаратыўнага сала - каб кожны частаваўся і харчаваўся. Хапае смакаты толькі да серады :)
Потым - хачу і ем квашаную капусту проста місамі, хрусткую, сакаваітую, ядроную. Хачу смажаную сьвініну, шкваркі (Божухна, для мяне гэта - нонсэнс амаль!), бульбу са шкваркамі і смажанай цыбуляй мммм, селядцы з цыбуляй у алеі з чорным хлебам, нешта накшталт мачанкі зь блінчыкамі, нядаўна запякала качку з бульбяной бабкай унутры, яшчэ страшна хачу цёртай рэпы, а таксама грэчкі паранай у духоўцы з грыбамі і яйкам. Думаю, на наступным тыдні збацаць тазік бігаса, ды такі, што суседзі сьлінай захлябнуцца ад паху. І абавязкова са шкляначкай смачнейшай самагоначкі ад сябра
lahviniec.
Цікава, што гэта са мной?! хіба што пераела сушы і сашымі :)