Jan 24, 2006 16:37
на мінулым тыдні я думала пра У.Л. які праз гадоў восем забыцьця нечакана ўзьнік на абсягах майго жыцьця-быцьця, і была ў мяне самота, брудна шэрага колеру.
яна, самота, зьявілася нечакана, калі я ехала дахаты з працы каля паварота на Цну, я вельмі выразна запомніла гэты момант. спачатку мне падалося, што сум і самота ірванымі кавалкамі навісаюць над шашой на адлегласьцях па 50-100 м , а я пралятаю паўзь іх на хуткасьці 120 км у гадзіну, але ўсе бачу новыя і новыя пасмы, што вісяць над шашой. з кенвуду дэдэтэ сьпявала пра тое, як "брызгі ветра вісят на промокшіх карнізах" , а потым я заехала ў амаль непразрыстую, неаднародную як восеньскі туман паласу смугі, гэта і было самае сэрца маей самоты. я ўчапілася рукамі ў руль і мне ажно захацелася плакаць ад бяздоннай такой пустаты і самоты вакол мяне - і пустая шаша, і брудна-аранжавыя ліхтары і мае дзіцяча-кахальныя ўспаміны і даросласьць з адказнасьцю зараз. наступныя тры дні я пражыла з вачамі, засланымі пасмамі гэтага глыбіннага цёмнага суму,а яшчэ ен быццам вір ці сьпіраль закручваўся акурат ў маіх вантробах.
затым, у той дзень, калі тэмпература ўпала ніжэй за 30 С і сонца сьляпіла ў вочы, каля 13-00 я зноў ехала па кальцавой і ізноў каля паварота на Цну мне зрабілася так весела і радасна і лёгка фізічна і душэўна і шчасьце перапаўняла маё горла, што нават рукі, прымерзшыя да руля, і крышталікі ільда ў носе і кутках вачэй не перашкаджалі мне жыць, і тады я зразумела, што менавіта ў тую хвіліну пачаўся абсалютна новы і іншы перыяд майго жыцьця, толькі ў тую пятніцу скончыўся 2005 год, і нават 2004 таксама.
сеньня я напісала рэзюме, пачала шукаць працу. а таксама я ўпэўнена, што ў бліжэйшы час нешта яшчэ зьменіцца ў маім жыцьці. я ня ведаю што, але ведаю дакладна, што да лепшага.
упершыню болей чым за чатырнаццаць месяцаў я знайшла кропку ўласнай раўнавагі.
жыцьцё-маё-пальцам-піханаё