May 22, 2018 10:19
1990. Сапач і пачуццё
Да мяне ў рэдакцыйны кабінет часопіса “Крыніца” прыйшла Кася Камоцкая. У нейкія моманты спявачка Кася рабілася зусім простай. Тады быў якраз такі момант яе дзіўнаватай простасці: “За крамай, што пад шпілем, на дзіцячай пляцоўцы цябе чакае Таня Сапач. Хоча пагаварыць. Здаецца, у яе да цябе пачуццё!” - “Думаеш, мне варта ісці?” - “Схадзі... Чаму не пайсці, калі цябе чакаюць?” - “Ты са мной пойдзеш?” - “А што мне там з вамі рабіць?” - “Можна якога віна ўзяць і выпіць”. - “Сёння выпівайце без мяне”. Я пайшоў у суседні двор, дзе на дзіцячай пляцоўцы сядзела паэтка Таня Сапач. “Кася сказала, што ў цябе да мяне пачуццё. У мяне простая прапанова, а давай мы нічога не будзем рабіць з тваім пачуццём. Давай мы лепш зробім кніжку тваіх вершаў. Ты збярэш лепшыя вершы, я зраблю вокладку. Якога колеру ты хочаш вокладку сваёй першай кніжкі?” - “Кніжку? Вокладку? Колер? Няхай яна будзе такая, як і твая першая кніжка вершаў “Парк” - аранжавая”.
Сапач