(no subject)

Apr 16, 2018 10:44

1968. Каткоў і шарж

Мастак Міхаіл Лісоўскі плённа працаваў у жанры жывапіснага партрэта, але вядомасць, славу і павагу яму прынеслі не алейныя карціны, а шаржы на сяброў і паплечнікаў. Усё студыяй мы разглядалі карыкатуру Лісоўскага на нашага любімага Сяргея Пятровіча Каткова. Настаўнік Каткоў бадзёра крочыў, трымаючы пад пахай планшэт з намаляваным домам. За Катковым, як кураняты за курай-мамкай, цягнуліся дзеткі-вучні з планшэцікамі, на якіх былі маленечкія дамкі, рыхтык як у настаўніка. Сяброўскі шарж, так называлі падобныя карыкатуры, мяне моцна ўразіў, бо тычыўся непасрэдна тых, каго я добра ведаў, паважаў і любіў. Шарж і мяне тычыўся, хаця ўласна майго партрэтнага падабенства ў ім не намалявалася. Мы чакалі, што пра карыкатуру скажа Сяргей Пятровіч. “Праславіліся. У газету патрапілі...” - адкаментаваў карыкатуру Лісоўскага наш Каткоў і заўсміхаўся. Добры настрой ад настаўніка перайшоў да нас. З таго газетнага малюнка я стаў уважліва ставіцца да Міхаіла Лісоўскага і ягоных вострых ды жорсткіх шаржаў.

Каткоў

Previous post Next post
Up