Mar 15, 2018 23:29
1988-2018. Сокалаў-Воюш і бел-чырвона-белы значок
Сяржук Сокалаў-Воюш прынёс у саюз пісьменнікаў на паседжанне літсуполкі “Тутэйшыя” торбу са значкамі. Тыя значкі былі зроблены ў форме бел-чырвона-белых сцяжкоў. Нацыянальнымі сцяжкамі Сокалаў-Воюш адорваў змагароў за беларушчыну. Атрымаў і я тую добра зробленую ажно ў Амерыцы ўзнагароду. Дома паказаў яе бацькам. Тата папрасіў значок сабе. Я падумаў, што ў Сяржука іх цэлая торба, ён мне і другі дасць. Так мой значок апынуўся ў таты. Сокалаў-Воюш не хацеў даваць другі значок. Казаў, што я атрымаў сваю ўзнагароду, а дзве ўзнагароды нікому не даюць. Я настойваў на тым, што мой бацька большы змагар за беларушчыну, чым я з Сяржуком Сокалавым-Воюшам разам узятыя. Значок ён мне даў, і я яго насіў, ажно пакуль на нейкім пратэстным шэсці ў час тузаніны значок не адарваўся і не згубіўся. Тады на мітынгах і шэсцях было столькі сутычак, бояк і хваляванняў, што я зусім не пераймаўся стратаю значка. На адным з шэсцяў на Дзень Волі я нават гадзіннік “Рада” за тысячу даляраў згубіў, і то не моцна перажываў. Жывы, здаровы, не за кратамі... На новы гадзіннік зараблю. Мітынговыя страсці паціху сышлі ў мінулае. Татаў бел-чырвона-белы значок пасля ягонай смерці маці перадала мне. Значок вярнуўся, але я яго не нашу, берагу. Ну хіба што на стогоддзе БНР начаплю на пінжак. У майго бел-чырвона-белага значка павінен быць святочны вечар, бо і ён яго заслужыў.
сУчаснікі-2,
Вячаслаў Адамчык