2017. Шэвераў і “Чужая бацькаўшчына”
Хацеў зрабіць добрую справу. Вырашыў папрасіць у мастака Шэверава малюнкі, якія ён зрабіў для кнігі майго таты “Чужая бацькаўшчына”. Я спадзяваўся: што малюнкі захаваліся, Што іх атрымаецца выкупіць, можна будзе аформіць у рамы пад шкло і перадаць у школьны музей, якія адкрылі бацькавы землякі. Шэвераў выслухаў мяне, паабяцаў пашукаць малюнкі. Ён іх не знайшоў... Размова з кніжным графікам Шэверавым у доўгай і цяжкай, але самае галоўнае ў тым, што я нарэшце высвятліў, чаму ў яго так добра атрымаліся малюнкі да бацькавага рамана. Шэвераў аздабляў дзіцячыя кнігі маляваў безліч вясёлых персанажаў, меў процьму замоў. Чаму ён узяўся за драматычны раман? Нашто ўступіў у канкурэнцыю з Кашкурэвічам, Шаранговічам і Паплаўскім? Чаму адмовіўся ад сваёй заўсёднай каляровасці і стракатасці? Я не ведаў. Цяпер ведаю... Шэвераў захварэў. У яго пачаліся галавакружэнні. Ён не мог рабіць малюнкі малых фарматаў. Не мог засяродзіцца. Таму ўзяў паперу вялікага памеру і напісаў на ёй алейнымі фарбамі экспрэсіяністычныя карціны. Напісаў іх тэмпераментна, дзе пэндзлем, а дзе і мастыхінам. Напісаў фактурна, з прадрапваннямі. Малюнкі да “Чужой бацькаўшчыны” - удача Шэверава. Выдатнаму раману пашанцавала, і ён атрымаў выдатнае аздабленне. Галавакружэнні ў Шэверава прайшлі. Ён вярнуўся да вясёлых дзіцячых безтурботных кніжак і не шкадуе, што арыгіналы малюнкаў да “Чужой бацькаўшчыны” згубіліся. Ён не шкадуе, а мне шкада.