(no subject)

Feb 06, 2017 11:11

2017-1987. Нацэўскі і папкі з выразкамі

У дакампутарны час кожны мастак меў кардонную папку з павыразанымі з часопіў і газет рэпрадукцыямі з любімых карцін і малюнкаў. Пакажы мне сваю папку з выразкамі, і я скажу - які ты ў нас мастак! Асабіста я збіраў выразкі ў дзве папкі “Кубізм” і “Аголеныя”. Цяпер гэтыя папкі з’явіліся ў маім кампутары. Папкі з папяровымі выразкамі я пакінуў у майстэрні, якая належыла “Кінатэхпраму”. Там я пакінуў і ўсе свае часопісы пра мастацтва. Там на кніжных паліцах засталася і большасць маіх артаўскіх альбомаў. Там застаўся і Міша Нацэўскі, з якім я рабіў роспісы ў правінцыйных кінатэатрах. Я сышоў з мастакоўскай майстэрні ў літаратуру і палітыку. Палітыкай я займаўся не доўга. Літаратурай значна даўжэй. Калі я вярнуўся да малявання і пісання карцін, у мастакоў ужо не было моды збіраць у папкі папяровыя выразкі, яны ўжо збіралі файлы.

майстэрня

Previous post Next post
Up