Jan 10, 2017 21:19
2017. Зліўчыкаў і Элвіс
Што табе Зліўчыкаў зрабіў? Чаму ты пачаў пра яго пісаць? Чаму ты раней не пісаў столькі пра Вальдэмара, а тут штодня пішаш? Столькі пытанняў ад розных людзей, што і не хацеў бы адказваць, а давядзецца… Усё з-за маёй маці. Яна прыходзіла напярэдадні свайго дня нараджэння. Прыйшла пад раніцу ў мой трывожны і ўжо амаль празрысты сон. Была яна маладой. У руках трымала невялічкую срэбную кінакамеру. Сказала, што трэба здымаць фільм пра Зліўчыкава, які неўзабаве з'явіўся на сцэне ў касцюме Элвіса Прэслі. На плячы ў яго вісела чорная гітара. Зліўчыкаў пачаў граць і спяваць у стылі кантры. Валасы і бакенбарды Вальдэмар пафарбаваў у чорна-сіні колер і выглядаў імпазантна. Маці казала, што ён толькі знешне добра выглядае, а жыць яму засталося зусім мала, таму трэба хутка зняць фільм і неадкладна напісаць-сказаць яму ўсё важнае і патрэбнае… У прарочыя сны я не веру. Да вядзьмарак і гадалак не хаджу. У царкву ці касцёл наведваюся гады ў рады і стараюся выбраць час, калі там як найменш людзей. Мог бы і гэты сон праігнараваць, але нешта мяне ў ім зачаравала. Вось і вырашыў усё значнае, што ведаю пра Зліўчыкава, запісаць.
Зліўчыкаў