Oct 23, 2016 10:45
1983-1973. Цішын і Касцюкоўка
У мастацкую вучэльню Ігар Цішын прыехаў яркім мастаком, які нават на іспытах змог напісаць акварэллю запамінальную кампазіцыю… Праз цёмна сіняю вясковую ноч поўз нагружаны сенам трактар. Ён свяціў бліскучымі зялёна-блакітнымі фарамі. На высокім стозе сена, пад самым зорным небам сядзелі хлопчыкі. Трактар калываўся, вуркатаў і павольна насоўваўся на гледача. Пазней, я ўсё чакаў, калі Цішын паўторыць свой экзаменацыйны шэдэўр. Ён яго не паўтарыў, быў заняты іншымі не менш запамінальнымі кампазіцыямі. Не паўтарыў сваю выразную экзаменацыйную кампазіцыю і сябра Цішына - Сцепаненка. Яны абодва выглядалі на іспытах падрыхтаванымі мастакамі. У вучэльні Цішын і Сцяпаненка трымаліся, як і большасць землякоў, разам. Быў у іх і старэйшы сябра, з іх роднага гарадскога пасёлка Касцюкоўка - Вова Ісачанка. Касцюкоўскіх у вучэльні было трое, а вось жодзенскіх было вельмі шмат, мае знаёмыя койданаўскія хлопцы вучыліся ўжо ў інстытуце, але падтрымлівалі мяне чым толькі маглі. Без зямляцтва, без падтрымкі старэйшых, у мастацкім свеце жыць і выжыць цяжкавата, асабліва ў самым пачатку, калі трэба пакінуць бацькоўскі дом у Касцюкоўцы і перабрацца жыць у сталічны горад. Ісачанка і Сцяпаненка моцна дапамаглі ў гэтым Цішыну, можна сказаць, што дапамаглі як ніхто іншы.
Цішын