Aug 05, 2016 09:54
1978-1968. Брэжнеў і чырвонае воблака
Ніхто яго не бачыў, але ўсе, хто хадзіў у басейн, пра яго чулі. Яго баяліся. Расказвалі пра яго трэнеры. Казалі, што нельга сцаць у басейн, а калі нехта цішком напусціць сікуноў, дык сікуны стануць чырвонымі, і ў басейне вакол паскуды непаслухмянай утворыцца чырвонае воблака. За сіканне ў ваду пагражала выключэнне з плыўцоў. Каб расповед пра Чырвонае Воблака гучаў пераканаўча, дадаваўся эпізод з Леанідам Брэжневым. Казалі, што фарбу для сікуноў апробвалі ў крамлёўскім басейне, што ў Маскве. Брэжнеў плаваў, плаваў і пусціў струмень у вадзе, струмень зрабіўся чырвоным. Брэжнеў любіў камедыі, і яму спадабалася чырвонае воблака. Пазней казалі, што спявачка Пугачова, апынуўшыся ў чырвоным воблаку, пачала скандал на ўсю Маскву. Даводзіла, што не яна насцала ў ваду, а нехта злы наліў у басейн чужых сікуноў. Зразумела, Чырвонае Воблака - казачны персанаж, як Труна на колцах і Чорная Рука, але пра яго спрабуюць расказаць пераканаўча, маўляў, ёсць яно, і не сумнявайся, а сумняваешся, дык ідзі да Алы Пугачовай і папытай.
сУчаснікі,
казкі