(no subject)

Feb 16, 2016 11:15

1975. Глазава і Цалкоў

Атрымаць запрашэнне ад мастака ў майстэрню не такая і лёгкая справа. Мастакі выдатна ахоўваюць студыі ад чужых вачэй. Яны любяць цішыню, спакой і адзіноту. Лішнія людзі ў атэлье моцна раздражняюць мастака. Таму атрыманае запрашэнне ад Глазавай я палічыў за гонар. У той дзень Ірына Глазава папрасіла нас - сваіх студэнтаў дапамагчы ёй перанесці некалькі чырвоных нацюрмортаў з майстэрні ў шынок. Сцены піўнога бара “Шынок у Лявона” мусілі аздобіць карціны Глазавай. Тыя карціны мы і перанеслі з майстэрні ў бар. Там іх паразвешвалі. З чырвонымі нацюрмортамі на шэрых сценах інтэр’ер шынка зрабіўся весялейшы. З шынка мы вярнуліся ў майстэрню да Ірыны, дзе пілі салодкую гарбату і слухалі апавяданні пра даўнія часы, калі яна вучылася ў адной групе з Алегам Цалковым. Ён захапіўся жывапісам Ван Гога і падбухторваў аднакурснікаў пісаць палотны пад апантанага Вінцэнта, бо ўсе астатнія мастакі ў параўнанні з рудабародым галандцам - ніхто. Цалкоў хадзіў па інстытуце з альбомам Ван Гога пад пахай. Шмат каго гэта ўражвала, але ніхто, акрамя хіба што Арлена Кашкурэвіча, не захапіўся напоўніцу экспрэсіямі Ван Гогам і не падтрымаў Цалкова... Глазава частавала студэнтаў гарбатай ў майстэрні, што мясцілася пад страхою двухпавярховага дамка, які стаяў недалёка ад піўзавода “Аліварыя”. Я слухаў апавяданні выкладчыцы і марыў пра сваю невялікую майстэрню, куды абавязкова некалі запрашу маладых людзей, каб расказаць ім пра нацюрморты напісаныя ў “Шынок у Лявона”.

майстэрня

Previous post Next post
Up