Oct 16, 2012 00:16
Беларусь -- краіна міфаў, легенд і паданьняў.
Адзін з міфаў цьвердзіць, што адкрываць візу абавязкова трэба толькі на мяжы краіны, якая візу выдала. Ніхто ня можа рацыянальна патлумачыць гэткае перакананьне, хоць практыка сьведчыць пра адваротнае. Трэба табе ў Польшчу праз Літву -- едзь!
Але ірацыянальнае -- яно моцнае. А таму ад году на год многія беларусы едуць на дзянёк у Польшчу, каб расьпячатаць візу, а пасьля рушыць, напрыклад, у Літву.
Няма бліжэйшага да Беларусі польскага гораду, чым Тэрэспаль. Горад бачны з балькону шматпавярховіка ў Берасьці. Між станцыямі хады для цягнічка -- ня больш за кілямэтар. Цягнічок завецца сьпіртавозам, бо карыстаюцца ім мясцовыя дробныя кантрабандысты. У1990-х цягнічок-дызялёк пад завязку забіваўся людзьмі літаральна абвешанымі пакетамі са сьпірытусам, каб прадаць яго перакупшчыкам у Тэрэспалі, і зрабіць за дзень яшчэ некалькі падобных ходак.
Цяпер атрымаць візу і правезці кантрабанду больш складана, але публіка прынцыпова не зьмянілася: грубаватага раскрасу і паводзін цёткі-чаўночніцы, ды хітрапрыжмураныя дзядзькі на тым баку мяжы.
Вобразна кажучы, у Тэрэспалі адна галоўная вуліца, дзьве паралельныя, пара завулкаў, пара крамаў і пара барчыкаў. Адзін працуе да раніцы, дзе кантрабандысткі з перакупшчыкамі замачваюць посьпех сваіх справаў. Па атмасфэры такі сабе шалманчык. А раніцай -- пуста, адно апошні п'яніца часам з бара вяртаецца, ды вецер шаволіць сьмецьце, што засталося з ночы.
Адна мая знаёмая менская дама, прадпрымальніца сярэднееўрапейскага сталічнага выгляду вырашыла расьпячатаць полськую візу. Ёй увечары трэба было тэрмінова ў Вільню, таму дама выехала ноччу на сваёй машыне, каб пасьпець на першы ранішні сьпіртавоз. У Тэрэспалі дама ніколі не бывала, Польшчу ўяўляла сабе па Варшаве, Кракаве, Гданьску і Ўроцлаве.
І вось, выходзіць па полськім часе каля 06-00 у Тэрэспалі, і пачынае павольна шпацыраваць туды-сюды па галоўнай вуліцы, чакаючы цягнік абратна. Як высьветлілася, за кабетай спачатку ляніва, а пасьля ўсё больш пільна назіраў вакзальны паліцыянт. Урэшце, ён ня вытрымаў, і дзесьці праз гадзіну падыйшоў да маёй знаёмай.
Нюанс у тым, што замест звыклых паліцыйнаму воку баўлаў, пры беларусцы была адно невялікая дамская сумачка. Паліцэйскі дазнаўся, што дама зь Менску, што вяртаецца абратна праз гадзіну, і запытаўся зь якой мэтай дама прыбыла ў Тэрэспаль?
-- Ну... Проста пагуляць.
-- ?!!
Яны глядзелі адзін на аднаго ў нямой сцэне. І, відаць, і гадзіны не хапіла б ім, што выпадкова спаткаліся на пустой засьмечанай вуліцы пасярод геапалітычнага і цывілізацыйнага памежжа, каб зразумець адзін аднаго.
фрашкі