Gods Tower вярнуўся выканаць абяцанае

Jul 06, 2010 12:55

Я іх адчыніла для сябе ў клясе 9-й і была неімаверна ўражаная таму, што такі гурт насамрэч зь Беларусі. У нашым гарадку была дастаткова вялікая мэтал-тусоўка (тады ўсе былі музычнымі аматарамі: рэпэры, гранджэры, рэйвэры, мэталісты і г.д.), што вельмі дапамагала ў пошуку музыкі - мяняліся касэтамі, часопісамі. Я скупала ўсю музычную прэсу і шукала запісы Gods Tower. Маю прагу да інфармацыі тады выратавала выпадкова знойдзеная гомельская адрэса, куды я і скіравала свае юнацкія пытаньні пра музыку і паганства, стылі і сымбалі. У мяне была куртка зь вялікім лягатыпам “таўэраў” на сьпіне. Выяву намалявала я, а бацька дапамог прыгатаваць водаўстойлівую фарбу. Пазьней, па прыезьдзе ў горад з унівэру, было дзіўна чуць, што школьнікі-мэталісты празвалі мяне Воля Gods Tower :) Апошні ліст у Гомель я напісала на першым курсе ў 2000-м, прыехаўшы ў Менск. Тады на шыкоўнай беларускай мове мне адказаў Лэсьлі. Побач з традыцыйным “Pagan metal rules!” там было “Zyvie Belarus!” :)



Мала сказаць, як я была ўсхваляваная навіною пра аднаўленьне Gods Tower. І баялася. А раптам гэта будзе “ўжо ня тое” і ўсялякія такія думкі не давалі расслабіцца ў дарозе. А тут прыходжу, сустракае мяне Лэсьлі і кажа: праходзь, адпачывай, глядзі, чаго нарыхтавалі :) карацей, я дагэтуль уся ва ўражаньнях, зблытаўся час, з калёнак гучаць таўэры, але думкі зьвязаць у рэпартаж і апрацаваць інтэрвію я змагла :)

музыка, gods tower

Previous post Next post
Up