Учора Менск
наведалі брытанскія мэталісты Napalm Death. Ужо на ўваходзе лысыя, валасатыя, татуяваныя мужыкі й хлопцы вярнулі мяне ў час мэталёвай насычанай падлеткавасьці. З Napalm Death у мяне з даўніх часоў стойкая асацыяцыя з бяскрыўдным хлопцам з суседняга дому па мянушцы “Напалм”. Запомніўся ён мне, бо былі ў адной тусоўцы, а да таго ж ён меў віды на маю старэйшую стрыечную сястру, таму часта завітваў у госьці, але безвынікова. Ну а Напалмам ён быў, бо неімаверна фанацеў ад гурта Napalm Death. Праз актыўны абмен касэтамі гэтая музыка не прайшла і міма мяне.
Ішла на канцэрт стомленая пасьля вельмі эмацыйна насычанага дня і хвалявалася, каб музыкі канчаткова не вынесьлі мне мозг :) Але ажно сама зьдзівілася, як лёгка думаецца пад іх жорсткую гучную музыку. У галаве ўсё ўпарадкавалася, але канцэрт скончыўся. Паўтары гадзіны - гэта ўсё ж занадта мала. Хлопец з тэхпадтрымкі ўжо здымае расьцяжкі партнэраў, а яго тузае расчуленая кампанія немаладых фанатаў: “А Барні гарэлку п’е ці піва? Перадамо ўсё!” “Барні п’е толькі ваду”, - расчароўвае кампанію тэхнік. Забіраю сваю бутэлечку вадзічкі й рушу дадому.
Прынамсі паглядзець, як выглядаюць на менскай сцэне пачынальнікі “грайндкору і экстрэмальнага хэві мэталу сярэдзіны 80-х”, можна ў
фотарэпартажы vojur ’a, а для сьмялейшых - youtube з канцэртнымі запісамі й кліпамі.