Viva academia, viva proФФessores

Nov 06, 2007 09:02


Ну вось, паздаваў нарэшце акадэмічную розьніцу і афіцыйна перайшоў на другі курс.

Запомнілася здача эканамічнай гісторыі. Вучыў яе анамальна доўга, але ўсё адно не давучыў, і на іспыт прыехаў ня надта падрыхтаваным, з надзеяй паезьдзіць дацэнту па вушах. Але замест гэтага па вушах паезьдзілі мне. І пяці хвілінаў не праслухаўшы маіх расповедаў пра эканоміку фэадальнай Японіі ды сельскую гаспадарку Нямеччыны канца пазамінулага стагодзьдзя, дацэнт прыняўся распрагаць мне пра ўсё, што ў яго там накіпела пад валасамі. А накіпела, як высьветлілася, някісла. І таму хвілінаў сорак (я здаваўся апошнім з студэнтаў) слухаў ягоныя канспіралагічныя тэорыі пра інтрыгі Захаду. Усё з табліцамі і схемамі, грунтоўненька так. Насамрэч, я шчыра паважаю людзей з асабістай пазіцыяй і пра тое, што пад многімі "змоўніцкімі" тэорыямі ёсьць грунт, таксама разумею. Але столькі часу слухаць напалову банальныя, напалову паранаідальныя развагі пра агрэсію заходняга манапалістычнага капіталу і праваслаўную саборнасьць як альтэрнатыву гэтай бяцы - увольце. А яшчэ гэтае амаль дэманстратыўнае парушэньне маёй інтымнай прасторы, гэты гіпнатычны позірк добрых з вар'яцінкай вачэй выкшталцонага савецкага інтэлігента...

О, я памятаю і гэты позірк, і гэтыя з вар'яцінкай вочы. Такія самыя былі ў іншага навукоўца, які аднойчы, калі я вучыўся яшчэ ў дзясятай клясе, "рыхтаваў" нашую зборную віцебскай вобласьці па геаграфіі да рэспубліканскай алімпіяды... Вось гэта быў чалавечышча!



Нашая падрыхтоўка праходзіла досыць інтэнсіўна і плённа. Пакуль да нас не зайшоў Старшой з Глыбоччыны і не сказаў: Ну, рыбята, а ціпер атлажыце вашы кніжкі і запісі - к нам прыехал із Расіі і любезна сагласілся выступіць перэд вамі ізвесны прафесар, бальшой учоный і невераятна інцерэсны чэлавек. Мы тут падумалі (яны, маць іх, падумалі!), што вам будзет очэнь палезна ўстрэча з такім відным расійскім (ажно, маць яго, расійскім!) дзеяцелем наукі.

"Дзеяцель" павітаўся, прадставіўся прафэсарам Навасялецкім і сьціпла дадаў: "я адкрыў зямлю Саньнікава".
"Адкрыў, толькі яе там цяпер няма - воды Паўночнага Ледавітага змылі. А давайце лепей слайды паглядзім!" І пайшло-паехала...
Вось прафэсар Навасялецкі стаіць на фоне акіяна. Вось ён сядзіць у нейкай падазронага выгляду траве. Вось ён у той жа траве, толькі зь біўнем маманта ў руках. Зямля Саньнікава, хуле.

Як высьветлілася, адкрыцьцём зямлі Саньнікава заслугі прафэсара не абмяжоўваліся. Нейкі пэрыяд ён жыў у Астрахані, дзе ўвесь час праводзіў у роздумах, што б такога зрабіць для краіны карыснага. І прыдумаў жа, сукін сын!

Аднойчы Навасялецкаму здарылася зьвярнуць увагу на тое, што ў дэльце Волгі расьце шмат трысьнягу. "Эва!" - падумаў прафэсар - "Нефік трыснягу без карысьці пад ветрам боўтацца - ён жа можа стаць выдатнай сыравінай для цэлюлозна-папяровай вытворчасьці!". І прафэсар пачаў аббіваць уладныя парогі з праектам будаўніцтва ў Астрахані цэлюлозна-папяровага камбінату. Нарэшце дамогся свайго, камбінат збудавалі, пачалі выкарыстоўваць мясцовы трысьнёг.
Мінула колькі часу. Прафэсар высьветліў, што трысьнёг пад ветрам боўтаецца ня проста так - у ягоных зарасьцях, аказваецца, адкладаюць ікру каштоўныя віды асятровых. Няма трысьнягу - няма й нерасьцілішчаў. Капец біяразнастайнасьці і мясцовым экасістэмам. Што рабіць? Прафэсар не разгубіўся і зноў пачаў бударажыць абшчэсьцьвеннасьць ды аббіваць уладныя парогі, на гэты раз каб камбінат зачыніць. "І што?" - пытаемся. "И всё. Я закрыл его" - быў адказ.

На гэтым служэньне Навасялецкага радзіме і Астрахані ня скончылася. Ён вынайшаў нейкі ўласны спосаб пошуку нафты ў нетрах, і па сваёй мэтодыцы знайшоў пад Астраханьню некалькі багатых радовішчаў. "Эва! Пад гэтыя запасы нядурна забамбіць энпэзэ" - падумаў прафэсар і пачаў аббіваць уладныя парогі на прадмет будаўніцтва ў Астрахані нафтаперапрацоўчага завода. Ці то памяць у астраханскіх бонзаў была кароткая, ці то яшчэ нешта, але завод зноўку збудавалі. І што вы думаеце? Высьветлілася, што ў астраханскай нафце дафігішча серы. Гэта ўскладняе ейную перапрацоўку, рэзка паскарае хімічную карозію трубаправодных камунікацыяў і абсталяваньня, шкодзіць экалёгіі і падвышае сабекошт канечнага прадукту. "І што?" - пытаемся мы, ужо цьмяна ўяўляючы лёс завода. "И всё. Я закрыл его" - быў адказ.

І як бальзам на душу прагучалі абразы Навасялецкага ў бок Станіслава Шушкевіча. Штука ў тым, што прафэсар знайшоў нафту і ў Беларусі (у досыць вялікіх маштабах), і, што дзіўна, менавіта там, дзе яе ніхто шукаць не зьбіраўся. Геалагічна гэтыя радовішчы прымеркаваныя да Аршанскай упадзіны Беларускай антэклізы, якая, калі проста глядзець на геалагічныя мапы, нібыта не зьяўляецца тэрыторыяй, пэрспэктыўнай ў "нафтавым" пляне. Але Навасялецкі нешта там па сваёй мэтодыцы знайшоў і стаў аббіваць парогі тагачаснага беларускага ўраду, каб пачаць здабываць нафту пад Воршай. Але ў беларускім урадзе Шушкевіча на вучонага абачліва паклалі болт (гэта зараз ужо, столькі год пасьля, высьвятляецца, што ў Аршанскай упадзіне і праўда ёсьць нафта, і яе нават падумваюць здабываць!). Я лічу, што з улікам вышэйнапісанага тагачасны ўрад праявіў спрадвечную беларускую мудрасьць. Кшталту, старыны ня рушыць, навіны ня ўводзіць. А тое зноў прыйдзе Навасялецкі і ўсё пазачыняе.

Прафэсар увогуле шмат наракаў на тое, што ў новай Расіі улады перасталі цікавіцца ягонымі (звыш)каштоўнымі ідэямі і напрацоўкамі. Таму на дзермакратаў у Навасялецкага зуб. Аднойчы ён нават паказаў яго на нейкім мітынгу, дзе вылез на сцэну і абазваў адтуль Ельцына "презердентом" (нездарма на прафэсара вывучыўся, угу). За гэта яго схапілі амапаўцы і кінулі ў засьценкі, дзе доўга катавалі ўдарамі дручкоў па пятках і сьпіне, і нават "зламалі хрыбет". Пацярпеў за свабоду слова, што й казаць.

Дарэчы, па ходу дзела высьветлілася, што прафэсар - зацяты сталініст. А ўсіх, хто кіраваў пасьля Сталіна, лічыць здраднікамі радзімы і агентамі Захаду. У якасьці доказу прыводзіў Чарнобыль (падстроены натаўцамі)і інфармацыю пра тое, што ў кефіры савецкай вытворчасьці зьмяшчаецца 15(!)% алькаголю. Гэта, маўляў, прошукі Захаду, скіраваныя на тое, каб спаіць наш цнатлівы богабаязьненны народ з самага маленства. "Фак" - пранеслася ў думках алімпіяднікаў - "калі ў кефіры пятнаццаць градусаў, то фіглі ён ня торкае?!" Дый нават калі пятнаццаць не адсоткаў, а праміле, усё адно гучыць фантастычна. Асабіста я чуў пра лічаныя долі адсотку, хаця магчыма, сам прынцып гэта й не мяняе.

Яшчэ прафэсар з імпэтам даводзіў нам, што ў Паўночнай Карэі людзі жывцць лепей і багацей, чым у Штатах. Таму што чучхеісты нібыта запускаюць касьмічныя спадарожнікі, а ў Нью-Ёрку шмат жабракоў. На спробы засумнявацца ў карэктнасьці такога ходу думак Навасялецкі адразаў: вас там не было, а я - быў учіте матчасть. Калі ў спрэчку ўступіў хлопец, які нейкі час жыў у Амэрыцы, у прафэсара здарылася лёгкая гістэрыка, і болей зь ім ужо ніхто не спрачаўся, каб ня браць грэх на душу.

Фінальная рэпліка прафэсара сталася годным вянцом лекцыі:
"Ну посудите сами, ребята: кем бы я, сирота-детдомовец, стал в Штатах? В лучшем случае дворником. А здесь я Учёным стал!"

Скончыць расповед мне б хацелася заўвагай пра тое, што прафэсары навасялецкія як від зусім не пазьнікалі - іх і зараз можна знайсьці паўсюль, ад унівэрсытэцкай кафэдры да інтэрнэт-форумаў. Ім уласьцівыя сыход у "рэлігію" і сьвет сваіх мрояў, і ўвогуле досыць канфліктныя стасункі з рэчаіснасьцю, зь якой яны адкравенна не сябруюць і ідуць да яе раўнютка пэрпэндыкулярным курсам. У дыскусіях характэрнай рысай такіх красаўчэгаў зьяўляецца тое, што іх літаральна бесіць, калі ў нейкую калянавуковую спрэчку лезе нехта "бяз корачкі" і імкнецца апэраваць ня іхнымі тэорыямі і домысламі, ад якіх тхне хутчэй рэлігіяй, чым навукай, а падыходзіць да пытаньня з пазіцыі здаровага розуму. Да, ад гэтага іх проста каўбасіць. Думаецца, што такіх "вучоных" трэба трымаць у інтэлектуальным лепразорыі, толькі зрэдзьчас цікавячыся, што там адбываецца; і гнаць у шыю зь любой сур'ёзнай кампаніі. Нават калі часам яны і трапляюць у "дзясятачку", як той ціхі вар'ят Навасялецкі з аршанскій нафтай.

P.S. Калі каму цікава - за іспыт я атрымаў 8. Хацеў намякнуць на 9, але пасьля сэнтэнцыі дацэнта "адзнакі, рэйтынгі гэтыя - усё адтуль, з Захаду, прыдумана, каб нас разьяднаць" вырашыў, што лепей ну яго; хуценька пакінуў памяшканьне і паехаў да сябе на сяло, дзе праваслаўныя вернікі саборна бавяць час алькаголем, брыдкаслоўем і панажоўшчынай, а пад "Захадам" разумеюць суседнюю вёску, што да 39-га была пад Польшчай. Акурат пасьпеў на апошні рэйс.

людзі

Previous post Next post
Up