May 09, 2006 14:08
Напэўна, сёньня будзе дарэчы напісаць пра сваіх дзядоў. Што ж, паспрабую.
Невельскі дзед прайшоў праз усю вайну. Ленінград, Будапэшт, Прага...- па ягоных мэдалях можна было вывучаць геаграфію Усходняй Эўропы. Мы, малыя ўнукі, любілі імі паабчапляцца, і гуляць "у вайну". Паколькі мэдалёў было значна больш, чым магло зьмясьціцца на нашых дзіцячых грудзях, чаплялі іх і на рукавы, і на нагавіцы. Падчас такіх гулек паразгублялі з тузін мэдалёў, але для дзеда гэта ня мела аніякага значэньня. Над сваімі рэгаліямі ён ніколі ня тросься, а пра саму вайну нікому нічога не распавядаў. Не любіў узгадваць. Калі мой бацька ў маленстве спрабаваў яго распытаць (ну цікава ж было!), дзедаў адказ быў ляканічны: "ня быў ты, сынку, у ваўка ў сраке"
Аршанскі дзед з самага пачатку вайны быў вывезены немцамі ў Германію. Завіхаўся ў нейкага бюргера па гаспадарцы, жыў даволі сносна. Потым яму за гэта дадуць статус вязьня канцлягераў. Калі пасьля перамогі прыйшло вызваленьне, дзеда адразу забралі на службу ў СА, якую ён праходзіў тут жа, у Нямеччыне. Трэба сказаць, пасьля 9 траўня супраціў немцаў ня скончыўся: многія, хоць вайна і была прайграная, сталі змагацца супраць савецкай акупацыі і пастрэльваць па чужынскіх жаўнерах. Дзед практычна адразу ж атрымаў кулю ў сьпіну - ня ведаю, ці пасьпеў аўтамат у руках патрымаць. Паляжаў па шпіталях, тут і на радзіму час вяртацца падыйшоў. Перад адпраўкай камандваньне выдала яму пачак прэзэрватываў, які ён па дарозе абмяняў у польскіх паненак на 9 кіляграмаў сала. Здаецца, усё.
Вайна, можна сказаць, амаль што міма прайшла. Тым ня менш, дзед вельмі любіў пра яе пагаварыць. Гісторыю пра ягоны геройскі ўчынак (калі дзеда забіралі з палону і вывозілі да "сваіх" на самалёце, ён з самалёта пасраў на Бэрлін) я чуў сто ці дзьвесьце разоў. Ад ваенных парадаў літаральна ташчыцца. Калі год таму яму выдалі мэдаль да 60-гадзьдзя Перамогі - радаваўся, што дзіцё. Патрабаваў шклянку гарэлкі, каб яго туды апусьціць і "абмыць".
Два вельмі розных дзеда...
людзі