Староньняму назіральніку гэта не відавочна, але, у прынцыпе, я - лапа, душка і коцік. Усё радзей кагосьці рэзка асуджаю, і амаль заўжды пакідаю за кожным права жыць, як жывецца. Вы можаце насіць шкарпэткі пад сланцы, чытаць паўлу каэлью, выбіраць рагачоўскую згушчонку і нават класьці шашлык марынавацца пад гнёт - я вам і слова не скажу.
Але.
Ёсьць у мяне бзік - вулічныя аніматары. Гэта такія паскуды, якія апранаюцца ў касьцюмы казачных ва ўсіх сэнсах пэрсанажаў і соўгаюцца туды-сюды, альбо фарбуюцца белай фарбай і становяцца на пастамэнты, робячы бізнэс на.. на ня ведаю чым, але сам факт існаваньня гэтай зьявы наводзіць на думку, што бабкі нейкія на гэтым усё ж-такі муцяцца.
Тбіліскі рэстаран. Вячэраю, п'ю віно, нікога не чапаю. Аднекуль зьяўляецца мужчына ў вобразе Чарлі Чапліна - у астатнім з выгляду нібыта здаровы, зь дзьвюма нагамі, дзьвюма рукамі - і неспадзявана пачынае мяне церці часалкай-масажорам для сьпіны, зь ліку тых, якія можна пабачыць у крамах "усё па 2.40".
"О-о-о," - кажа - "Бачу, ты ясі лобіо, а пад лобіо патрэбны добры масаж" - і, падла такая, трэ мне хрыбетнік!
Я зьдзіўлена азіраюся - зьдзіўлена настолькі, што "Чарлі Чаплін" тэхнічна рэціруецца, таропка пажадаўшы добрага вечару. Ну, дзякуй, чо - да цябе ён і быў добры..
Лісабон, Praça do Comércio. Любуюся пэйзажам. Позірк прасьлізгвае паўз "жывую скульптуру", абмазаную белай фарбай. Скульптура (з бляшанкай для манэтаў перад "пастамэнтам"), да таго нерухомая, ловіць мой позірк, сапраўды "ажывае" і зьнянацку мне падміргвае. Па задумцы гэта мусіць мяне, што называецца, анімаваць, але чаму тады мне так моташна?!
Мужык, я разумею, што ты творчая асоба, змагар зь Сістэмай, вольная птушка, і шукаеш сябе. Але ж, сцуко, табе з выгляду палтос! Як наконт кінуць нарэшце ганьбіцца і пашукаць нармальную стабільную працу на якую ненажэрную карпарацыю? Чаму, гледзячы на цябе, мне робіцца сумна і немавед за што сорамна?..
Што ж, прынамсі, ты ў свой палтос нешта робіш, а не стаіш на вуліцы з працягнутай рукой... Oh, wait!..