Нарэшце дайшлі рукі "дабіць" свой
расповед пра апошнюю карпацкую вандроўку. Ну, як дайшлі: мае лайдацтва і барства гэтымі днямі проста непераадольныя, таму давядзецца абыйсьціся без залішняй пісаніны - малой, так бы мовіць, крывёю.
Ранкам 9-га траўня можна было нікуды не сьпяшацца, бо ўсё было ў густым тумане. Таму рушыў на Клімову толькі аб 11-й, пафоціўшы па дарозе крокусы:
Клімову (1492 мэтры згодна з усталяваным на ёй знакам) "узяў" апоўдні. Выгляд зь яе:
Па дарозе да Гропы (1494м) неаднойчы сустракаў коней. Відаць, мясцовыя задзейнічаюць іх у пэрыяд сельгасработ, а потым выганяюць на паланіны - ежу і пітво жывёлкам там даводзіцца знаходзіць самім. Напэўна, таму карпацкія коні такія стройныя і выгляду крыху дзікаватага.
Але нораў у іх вельмі нават хатні - пабачыўшы мяне, хуценька падыйшлі знаёміцца, зь яўнай цікаўнасьцю на прадмет пачастунку. Але, зразумеўшы, што раскруціць мяне магчыма хіба што на пагладзіць, хутка страцілі да дзіўнага чувака з заплечнікам усялякі інтарэс.
Спуск у седлавіну паміж Клімовай і Гропай:
У седлавіне.
15.00 - апошні рывок да Гропы
На якой адпачываў да 16.30, сілкуючыся і фатаграфуючы, што траплялася ў кадр:
Ці то кепска я на Гропе падсілкаваўся, ці то мала адпачыў, але наступны паўтарыгадзінны кавалак шляху паміж ёй і Сігланскім (1563м) зь некалькімі істотнымі спускамі-пад'ёмамі здаўся мне самым напружаным за ўсю вандроўку.
Пасьля Сігланскага, а васямнаццатай, стала нібыта відавочна, што ў такой стоме да Тапасу (1548м) дацёмна не пасьпець, таму вырашыў расслабіцца і тупаць сабе ў спакойным тэмпе да першага-лепшага месца для другой стаянкі. І так, паціху-паціху, за паўтары гадзіны амаль да Тапасу і дайшоў. Саму вышыню вырашыў усё ж ня браць, і паставіў намёт ля падножжа.
А заўтрашні ранак, горы, сонца і амаль асязальны, бы салодкая вата, туман падаравалі мне адзін з найпрыгажэйшых сьвітанкаў у жыцьці...
Амаль той самы ракурс мінулым вечарам. Наперадзе - гара Стрымба (1719м) - найвышэйшая кропка ў гэтым раёне.
Паўтыкаў я, значыцца, на сьвітанак, і пайшоў сабе дасыпаць. Прачнуўшыся канчаткова, спусьціўся долу, набраў ручаёвай вады, і а 12.15 рушыў на Тапас.
Ускочыў на яго весела і задорна, за паўгадзінкі (там, унізе - Калачава, Нэгровец і Сіневір),
але хай гэтая ўяўная лёгкасьць нікога не падманвае - вось вам мая майка праз гэтыя паўгадзіны ўздыму з заплечнікам (прытым, што да падвышанага потааддзяленьня аўтар, у прынцыпе, зусім ня схільны):
Пакуль майка сушылася, фоціў на вяршыні мясцовую флору...
...фаўну...
...і антрапагеншчыну ў выглядзе назіральный вышкі (побач праходзіць магістральны газаправод)...
...а таксама крыху хуліганіў:
За гэтымі заняткамі рушыў з Тапасу ў кірунку вадасховішча Тэрэбля-Рыцкай ГЭС толькі пасьля чатырнаццатай, з намерам прыйсьці туды засьветла. Каб ведаў, які спуск будзе напердзе - выйшаў бы крыху раней. Па гэтым фота асабліва не ацэніш усю круцізну спуску, ды й не такі ён круты (для чалавека без двацці кілё на сьпіне), але на ім я падзавіс:
Так, што, пакуль спускаўся, мяне нават амаль дагнала група турыстаў з Кіева, якую сустрэў на Тапасе. Яны пайшлі налева, я - направа. Далей рухаўся чыста інтуітыўна, бо надзейных арыентыраў на мясцовасьці болей не было. Даводзілася спадзявацца адно на тапаграфічную кемлівасьць...
Працягваючы спуск, у гэтым месцы ўпершыню ў жыцьці сустрэў высакароднага аленя. Згадзіцеся, адна справа натыкацца па лесе адно на раскіданыя ім какашкі, і зусім іншая - пабачыць жыўцом, у натуральным асяродзьдзі. Які магутны зьвер! Здавалася, ад тупату ягоных капытоў (калі, пабачыўшы мяне, кінуўся наўцёкі) па зямлі нават вібрацыя ішла. А можа, проста здалося. Цягнуцца за камэрай нават думкі ня ўзьнікла.
Ужо сонца было нізка, а мне ўсё даводзілася тупаць наўгад ляснымі сьцяжынкамі, якія раз-пораз разыходзіліся ў розныя бакі. Тым не менш, з напрамкам я яўна ўгадаў, бо да заходу сонца выйшаў акурат туды, куды планаваў:
Бінго! Такім я ўбачыў вадасховішча ўпершыню:
А цяпер пра сумнае. Стан гэтага вадасховішча і ягоных берагоў - без перабольшваньня украінская нацыянальная ганьба:
Столькі сьмецьця на прыродзе я ня бачыў шчэ нідзе! Усе берагі ўсыпаныя там пластыкавымі бутэлькамі, яны гайдаюцца на хвалях, зьбіваюцца ў кучы і пастаянна хрумсьцяць. Паскудства неверагоднае! І, што характэрна, ягонае аўтарства проста фізічна ня можа належыць адным турыстам - відавочна, сьмецьце скідаецца ў раку жыхарамі сёлаў вышэй па плыні. Засранцы!
Такую прыгажосьць пахерылі :(
Але што паробіш - месца для начлегу мусіў шукаць дзесьці тут. Мапы, што былі, адзінагалосна сьцьвярджалі, што ўздоўж гэтага, усходняга, берага вадасховішча аніякай сьцежкі катэгарычна няма, ува што я верыць адмовіўся яшчэ толькі плануючы вандроўку, і зараз упэўніўся, што не дарэмна. Сьцежка без праблемаў знайшлася, а, прайшоўшы па ёй кіламетры тры, знайшоў і абсалютна казырнае месца для намёта.
Прыемна зьдзівіла поўная адсутнасьць людзей. Прыбраўся, расклаў вогнішча, паставіў намёт. Паспрабаваў скупнуцца, але, зайшоўшы ўжо па пояс, маладушна адступіў - тэмпература вады была штосьці каля трох сантымэтраў дванаццаці градусаў. Гэта прыкладна столькі ж, колькі было, калі ў красавіку-2004 пераплываў туды-назад яшчэ па-вясноваму поўную і хуткую Дзьвіну, але тут не было перад кім выпендрывацца :-) Так што купальны сэзон - 2012 быў адрыты значна пазьней.
Такія дыназаўрыкі гойсалі ранкам вакол намёта:
А вось і сама плаціна ГЭС:
Вось, уласна, і ўсё. Дайшоў да Альшанаў, літаральна праз паўгадзінкі падалі карэту Сіневір-Хуст (ізноў пашчасьціла!), і пачалася ўжо "гарадзкая" частка майго падарожжа. Пра яе распавядаць ня стану - бо Даліну Нарцысаў ужо
узгадваў, а самыя грунтоўныя справаздачы пра Хуст, Вінаградаў, Берагава і Мукачаў, зірнуўшы па адпаведных тэгах, заўжды можна пабачыць у
darriuss. Адно што ў Хусьце ён паленаваўся лезьці на замкавую гару. А вельмі дарэмна: гэта самае цікавае, што ёсьць у тым невялікім райцэнтры.
Хусцкі замак ляжыць у руінах, але нават ягоныя руіны дагэтуль унушаюць павагу:
Хуст з замкавай гары:
З усіх закарпацкіх гарадкоў найбольш упадабаў Берагава - гэта, бадай, найпрыемнейшы зь сюрпрызаў тае вандроўкі. Упадабаў настолькі, што нават ня фоціў - каб аднойчы сюды вярнуцца. Адзінае выключэньне - рэстаран "Залатая Пава", у які хадзіў харчавацца. Рэкамэндую!
Установа з выгляду пафасная, але за вячэру (якая была болей не на вячэру падобная, а на спусташальны набег - усё-ткі, за 4 дні ў гарах адно на вадзе, арэхах, куразе і чырвоным масандраўскім па нармальнай ежы я някісла ссумаваўся) аддаў 135 грывень, за абед (безь віна) - усяго-та 40. Усё на ўзроўні, апроч хіба музычнага суправаджэньня (відаць, хранічная праблема Закарпацьця).
А яшчэ ў "Залатой Паве" мне пашчасьціла пазнаёміцца з цудоўнай маладой ільвоўскай сям'ёй, галава якой з турыстычнай салідарнасьці так дарэчы прапанаваў падкінуць да Мукачава. Яшчэ раз дзякую, Лёня!
Напрыканцы допісу хацеў бы яшчэ падзякаваць блогеру
haidamac - менавіта матэрыялы зь ягонай старонкі ў сеціве дапамаглі мне канчаткова вызначыцца з маршрутам "горнай" часткі вандроўкі. Вось там -
http://haidamac.org.ua/2010/02/krasna1/#more-822 - сапраўдныя фоткі, а не маё пазорышча :-)