Sep 29, 2009 22:51
Магчыма, калі-небудзь пра гэтую сваю новую працу я буду ўзгадваць пад тэгам "мае ўнівэрсытэты".. І ківаць на яе, калі раптам нейкая неасьцярожная дамачка стане ў роспачы крычаць "Калі ж ты, благаверны, пасьпеў стаць такім чэрствым бясчусьцьвенным цынікам?".
Мае 26 падначаленых - проста зрэз грамадзва і міні-соцыюм. І сёньня, выконваючы досыць банальны загад боса наконт складаньня табелю ўліку працоўнага часу, я, як кажуць, многа думаў.
Маецца фонд заработнай платы. Ён складаецца з уласна заробку і прырабатку. Заробак залежыць тупа ад разраду і адпрацаваных чалавекагадзінаў. А вось прырабатак (досыць важкі ў агульнай долі) - разьмяркоўваецца паміж рабацягамі выключна па маім уласным свавольлі.
То бок, даў адному - абдзяліў іншага. Як я зразумеў, да мяне гэтую дылему вырашалі прыкладна так.
Ёсьць тры тыпы рабацягаў. Першы - умоўна назавем іх "пратэстантамі" - сумленна працуюць і ня п'юць. Нічога не паробіш - даводзіцца ім плаціць.
Другі тып - наша, маць яе, будучыня - "маладняк". Карысьці з маладняка ніякай - рабіць ён нічога ня ўмее, але ж, сцуко, і ня п'е. Нічога не паробіш - даводзіцца стымуляваць.
І ёсьць трэці тып, соль зямлі; мужыкі, на якіх трымаецца гэтая плянэта. Прасьцей кажучы, алькаголікі. Хоць і разьдзяўбаі, хоць і пад мухай, але працу робяць амаль ня горш за "пратэстантаў". А за кошт колькаснай перавагі, наогул - робяць ці ня ўвесь аб'ём. Але - п'янь. І таму ўсяляк заторканая, прыніжаная, уцісканая і дыскрымінаваная група, за кошт якой аплочваецца сабранасьць "пратэстантаў" і нашая тупая і нічым вопшэм-та не апраўданая надзея на маладое пакаленьне.
І атрымліваецца, што выгадней за ўсё трымаць у калектыве менавіта алкашоў. Яны заўжды ў цябе ў кулаку, і іх заўжды можна пакрыўдзіць рублём, узнагародзіўшы за іхны кошт рупліўцаў-пратэстантаў ці жаўтаротую шкалату.
Што з гэтым рабіць - ня ведаю. Рацыё кажа прытрымлівацца старое завядзёнкі, але душою я зь мілымі сэрцу алькаголікамі:)
людзі,
праца