Вярнуўся.

Aug 25, 2009 16:06

Ну, што. Украінская авантура завершаная. І яна адназначна атрымалася на славу - увесь час шанцавала і з надвор'ем, і з падзеямі, і зь людзьмі. Вандроўка, што для мяне наогул нетыпова, была гэтым разам спантанная і непрадуманая, але мяне ўвесь час нібыта вяла нябачная рука - туды, дзе файна і цікава.

Я ўжыраўся фруктамі, вінаградам і кавунамі; упіваўся крымскімі і закарпацкімі вінамі; лавіў і дэгуставаў дэлікатэсную ручаёвую стронгу (форель) у адмысловай гаспадарцы; разьяжджаў на таксоўках, пакідаў у рэстарацыях шчодрыя чаявыя пекным афіцыянткам, аб'ехаў лепшую палову краіны, але цалкам растраціць першую сотню баксаў змог толькі ў Кіеве, бліжэй да канца вандроўкі. У гэтым краі нават ня будучы багатым, можна дазволіць сабе ня згадваць пра грошы. Калі б Украіны не існавала, яе варта было б прыдумаць.

1. Гэта было б злачынствам - наведаць Львоў і прапусьціць Жоўкву, якая знаходзіцца на адлегласьці пяці грыўняў маршруткай.

2. Ужгарад (зважаючы на гістарычныя акалічнасьці, правільней будзе, напэўна, Унгвар) - горад цікавы, але наўрад ці спадабаўся б мне так, як спадабаўся, калі б не дэгустацыя мясцовых сухіх вінаў у сутарэньнях тамтэйшага замка.

3. Мукачаў - места таксама досыць цікавае, але ў ім мяне не пакідала пачуцьцё нейкай фэйкавасьці і цацачнасьці, пераважна дзякуючы мукачаўскай ратушы і праваслаўнай катэдры. Але ж у Мункачы і замак Паланак ёсьць!

4. Горы - гэта ого. Падрабязнасьці потым.

5. Сьмешныя гэтыя ўкраінцы. Беларускай не разумеюць, на рускую (заходнікі) звычайна не пераходзяць (хаця часам пераходзяць,калі сам да іх на ламанай украінскай зьвяртаесься); але пры гэтым ахвотна лаюцца маскальскім матам і слухаюць маскальскі жа блатняк. Наогул, пасьля назіраньняў за "бандэраўцамі", лічу: сапраўдная апазыцыя маскальскасьці - не ў падкрэсьленай іншамоўнасьці. Перадусім гэта выхаванасьць, культурнасьць, добрыя манэры і густ. На жаль, у гэтым сэньсе большасьць заходніх украінцаў - тыя яшчэ маскалі. Амаль як беларусы.

6. Мая ўкраінская жахлівая, але часам здаецца, што вось-вось, яшчэ крыху - і загавару ня горш за Франка з Шаўчэнкам. Дзіўна і наогул папахвае чымсьці нехарошым, але аднойчы, зьвярнуўшыся ў краме да прадавачкі па-украінску, я атрымаў на 20% таньней той самы тавар, які набываў там жа у той жа прадавачкі днём раней.

7. Большага чакаў ад Цярнопаля. Калі б ня стаў, паркі і касьцёл - была б звычайная нічым не адметная савецкая кляака. На цярнопальскіх вуліцах грыміць з рэпрадуктараў і замбуе насельніцтва мясцовае радыё. Наколькі я памятаю, менавіта ў гэтай вобласьці ў свой час адзін з кандыдатаў атрымаў рэкордныя 95%. Абсалютна ненармальныя для дэмакратычнай краіны, нават калі альтэрнатыва тым 95% - пэрсона а-ля проффэсор Януковіч.

8. У цярнопальскім гатэлі "Галічына", адкрыўшы кран з гарачай вадой і онай не дачакаўшыся, хацеў быў затэлефанаваць адміністратарцы і высьветліць, па якім раскладзе яна тут падаецца. Але потым параскінуў мазгамі і адкрыў кран з халоднай вадой. Само сабой, пацякла гарачая. Гэта я пра тое, што дэструктыўнае ўзьдзеяньне саўка на мозг людзей проста неверагоднае, і закранула нават ня нюхаўшых у параўнаньні з намі саўку галічанаў..

9. Горад Чарнаўцы проста парваў маю сьвядомасьць. І хай я застануся самотным у сваіх ацэнках, але для мяне ён стаўся першым у рэйтынгу ўкраінскіх гарадоў. Львоў - толькі другі.

10. Я вельмі памыляўся, калі думаў, што Камянец-Падольскі - гэта ціхі невялічкі райцэнтр, хай сабе і з шэрагам цікавостак гістарычнага цэнтра. Але нават па-за межамі цэнтра ён выглядае месцамі ну чыста як Монтэ-Карла нейкае. Камянец мусіў быць ну хаця б абласным цэнтрам. Замест таго ж Цярнопалю.

11. З кожным разам Кіеў падабаецца ўсё меней. Рэакцыя падчас першага візыту - захапленьне, потым - паблажлівы скепсіс, цяпер жа я лічу, што калі ў сьвета ёсьць трансцэндэнтная жопа, то імя ёй - Кіеў. Зрэшты, жопа ў сьвета не адна.

12. Лажаць беларускія гіпэрмаркеты - справа сьвятая. Але кіеўскі "Ашан" сакс нават у іх. А я ж не экзотыкі нейкай хацеў набыць для сям'і - толькі ўкраінскіх тавараў..

13. Дзень Незалежнасьці па-украінску - гэта сапраўды нешта падобнае на тое, як павінна быць. Мноства народу ў нацыянальных вышыванках, мінімум п'яні і трэшу. Адчуваньне сапраўднага, а не надуманага, прызначанага зьверху сьвята.

трэвэлпорна, вандроўкі, Украіна

Previous post Next post
Up