Beati Possidentes

May 23, 2007 08:59


Beati Possidentes*

05/22/2007 - 19:03

“Калі нам нешта даспадобы, тады зьядаем мы яго”.

(Bob Perelman, амэрыканскі паэт)

Вы памятаеце Сакавік 2006? Тады моладзь некалькі дзён сядзела на плошчы, не зьвяртаючы ўвагі на надвор’е, а народ езьдзіў побач на аўтобусе, круціў дулі дэманстрантам, ды дзівіўся: “Ну чаго ім яшчэ не хапае!?” Іншымі словамі, народ не разумеў сэнсу акцыі, не разумеў матывацыі “адмарозкаў”. І тады ім растлумачылі: далі па 20 тысячаў. І народ адразу ўсё зразумеў, а найбольш меркантыльныя нават пашкадавалі, што самі не пайшлі. Дасьледчыкі кажуць, што гэта нармалёва, маўляў, у кожным грамадзтве большасьць “жыве страўнікам“, але беларускае грамадзтва, разбэшчанае дыктатурай, пайшло далей - “мы на зайздрасьць ўсім буржуям” збудавалі ідэальную мадэль спажывецкага грамадзтва (consumer society).

Адразу пасьля той самай плошчы зьявіўся фільм з аднайменнай назвай. Мне ў памяць асабліва запаў адзін з дыялёгаў аўтара фільму зь вясковым жыхаром:

− “Эта ж і у нас будуць рабіць... гэту дэмакрацыю... не нужна она вам?

− Канешне не нужна - начорта яна нам нада!

− А што вам нада?

− Да нічаго нам не нада. Нам нада мір, штоб харашо жылі і ўсе.

− А телефон?

− Целяфон нада, канешне!”

Можна, відавочна, кпіць “з калгасьніка”, але гэты вясковец, не ўсьведамляючы таго, бліскуча пацьвердзіў тэорыю чалавечай матывацыі вядомага амэрыканскага псыхоляга Абрагама Маслоў (Abraham Maslow). Ён сьцьвярджаў, што патрэбы чалавека можна ўявіць у выглядзе піраміды, дзе зьнізу месьцяцца патрэбы фізыялягічныя; вышэй ідуць бясьпека; прыналежнасьць (да групы) і любоў; прызнаньне і, нарэшце, самаактуалізацыя (імкненьне да самаўвасабленьня, да актуалізацыі закладзеных у чалавеку патэнтыяў). Сам Маслоў так сказаў пра сваю тэорыю: “Тыя здольнасьці арганізму, якія не набліжаюць яго да жаданай мэты, да часу дрэмлюць, альбо адміраюць. Жаданьне пісаць вершы, набыць аўтамабіль, цікавасьць да роднай гісторыі, цяга да жоўтых чаравікаў - усе гэтыя інтарэсы ды жаданьні альбо блякнуць, альбо зьнікаюць увогуле”.



Усе гэтыя патрэбы так ці йнакш, лепш ці горш забясьпечаныя ў кожным з нас. Маслоў кажа, што ў сярэднестатыстычнага чалавека яны суадносяцца наступным чынам: 85 % - 70 % - 50 % - 40 % - 10 %. Безумоўна, ён казаў пра амэрыканскае грамадзтва. Беларускія дасьледчыкі А. Кулік, І. Кулік, Л. Гуляка й Ж. Пляскач зрабілі падобны аналіз за 1994-1998 гады й прыйшлі да наступных высноваў.



У выніку прыбыткаў ад рээкспарту нафты на пачатку 2000-х гадоў у дзяржавы атрымалася павялічыць узровень дабрабыту сярэднестатыстычнага беларуса. Гэта замарудзіла падзеньне першасных паказьнікаў (фізыялягічныя патрэбы й бясьпека), і дазволіла казаць пра “стабільнасьць”. На прыкладзе таго ж самага сярэднестатыстычнага суайчыньніка гэты лягічны ланцужок выглядаў наступным чынам: “У Савецкім Саюзе былі грошы, але нельга было нішто набыць, а зараз і грошы (хай і невялікія) ёсьць, і купіць можна што заўгодна” - вось яна - Беларуская Мара (“Целяфон нада, канешне”)!

Беларускае грамадзтва цалкам прасякнутае кансьюмэрызмам. Людзі купляюць кватэры, лецішчы, аўтамабілі, адукацыю сваім дзецям, адзеньне й абутак. Яны адначасова з усьмешкай і боязьзю ўзгадваюць тыя часы, калі вымушаныя былі пазычаць суседзкіх дзяцей, каб, адстаяўшы ў чарзе, набыць яйкі. Канкурэнцыя ахапіла ня толькі й ня столькі вытворцаў, колькі пакупнікоў. Людзі з аднаго боку імкнуцца спажываць так, каб “ня горш за астатніх”, а з іншага - не зьлівацца з натоўпам. Вышэйшая адукацыя сталася масавай платнай паслугай. Як казаў вялікі гішпанскі філёзаф Артэга-й-Гасэт пра свой час, “школы ... пасьпявалі выкладаць масам толькі зьнешнія формы, тэхніку сучаснага жыцьця, даць сапраўднае выхаваньне гэтыя школы не маглі”. Але самае горшае, што новае грамадзтва фармуе адпаведную уласную сістэму каштоўнасьцяў і арыентыраў, дзе матэрыяльнае замяшчае духоўнае, рэчы падмяняюць ідэі ў Платонавай сістэме каардынатаў.

Ня мае рацыі той, хто будзе абвінавачваць гэтых людзей, што яны зьмянялі “свабоду на кіўбасу”, бо на тое яны й людзі. Як сказаў неўміручы Гётэ, “жыць у асалоду - лёс плебея”. Але тым большая адказнасьць ускладаецца на эліту нацыі (хоць спрэчна, ці ёсьць беларусы нацыяй), на ролю якой пэўны час прэтэндуе “апазыцыя”. Асноўнай рысай “элітарнасьці” тут мусіць быць тое, што для такога чалавека жыцьцё ня мае сэнсу, калі ён ня можа прысьвяціць яго нечаму вышэйшаму. У любым здаровым грамадзтве мусяць быць як прыхільнікі пастулату “любоўю сыты ня будзеш”, так і “ня хлебам адзіным”.

Беларуская “апазыцыя” мае мізэрны выгляд. Калі “спажывецкае грамадзтва” усеагульна прасякнутае кансьюмэрызмам, дык хвароба эліты - постмадэрнізм. Галоўная прыкмета духоўнай дэградацыі эліты - страта веры ў самых сябе, у тое, што робіш. Больш за дзесяць год лідары ніколі ня ставілі мэту перамагчы на выбарах. Дзякуй Богу, што больш не рэгіструюць палітычныя партыі, інакш іх колькасьць перабольшыла б колькасьць актывістаў. Усе добра вывучылі, што, як і калі казаць замежнікам, каб тыя падтрымалі нашае “змаганьне”, а самі ціха кпім з наіўных эўрапейцаў.

Постмадэрнізм характэрызуецца стратай каштоўнасных арыентыраў. Можна колькі заўгодна не любіць Зянона Пазьняка, але наўрад ці нехта будзе спрачацца з тым, што ў першапачатковага БНФ гэтыя каштоўнасьці былі. Зараз жа мы прыйшлі да таго, што Дзень Волі на ўлётках барадатага кандыдата стаўся “Днём Белорусского Единства”, згубіўшы ня толькі сэнс, але й мову. Эклектыка - вельмі тыповая зьява эпохі, таму ня трэба дзівіцца, калі раптам лёзунгі “За Свабоду! За Беларусь” папоўняцца бел-чырвона-зялёнымі сьцягамі. Беларуская талерантнасьць, якая мяжуе з абыякавасьцю, ня можа зразумець, што трэба быць талерантным у стаўленьні да людзей, ніколі - да ідэяў, якія супярэчаць нашым прынцыпам. Усё пачалося з малога, апазыцыя заразмаўляла і па-расейску, каб прывабіць новы электарат, у выніку - ані мовы, ані выбарцаў. Так незаўважна для самой сябе апазыцыя пераўтварылася ў сваю процілегласьць.

За гэтыя гады беларуская творчая эліта працягвала “ехаць” на савецкай спадчыне, тыя, каго ўсё ведалі, працягваюць нешта рабіць, новыя ймёны, насамрэч вядомыя, амаль не зьяўляюцца. І ня трэба казаць “Вы проста ня чулі”, бо Барадуліна ці Гілевіча ведала ўся краіна й замежжа, а новыя прозьвішчы...

Беларуская навука, асабліва гуманітарная, змагаецца за існаваньне, пакуль ня вельмі ўдала. Па словах Бэрнарда Шоў, “вузкая спэцыялізацыя ў шырокім сэнсе вядзе да шырокай ідыятызацыі ў вузкім сэнсе”.

Самы вялікі сакрэт беларускай эліты - гэта тое, што яна мае самы вялікі плён ад дыктатуры. Калі абласканых уладай рабочых зволяць, яны выйдуць з запою ды знойдуць такую ж працу. Калі ня стане Лукашэнкі, нашая творчая эліта стане маральным банкрутам. Гэта зараз на Бацьку можна сьпісаць усё. Раманы ня пішуцца, музыка не ствараецца, кіно не здымаецца, - вядома, прычына ў дыктатуры. Але калі раптам яе ня стане, больш твораў ды фільмаў ад таго ня зьявіцца, але крыць ня будзе чым. Тое ж самае - у любой галіне. Актывіст апазыцыі ня можа вывучыць ангельскую мову, каб разумець на замежных сэмінарах - вінаваты Лукашэнка. Палітычная партыя ня можа зрабіць якасную ўлётку - вінаваты Лукашэнка. Выкладчык ня можа распавядаць прафэсыйна й цікава - вінаваты Лукашэнка. А калі ня ён, дык Чарнобыль. Будзе вельмі крыўдна, калі аднойчы краіна прачнецца бяз Бацькі. Калі сьпіхнуць адказнасьць ня будзе на каго, а працаваць прыйдзецца як трэба.

Мы ўсе вельмі добра засвоілі нігілізм, іронію, эгаізм. Гэта цудоўна, але існуе адзіны мінус. Такое грамадзтва ня можа існаваць і разьвівацца. У нас няма ідэі, няма бачаньня, чаго мы хочам і куды йдзем. Мы глыбока ўпэўненыя ў сваіх творчых здольнасьцях, але ня ведаем, што нам чыніць. Павал Севярынец заклікае нас да пакаяньня. Але яно не грунтуецца на роўным месцы. Любое пакаяньне пачынаецца з сораму за сваё мінулае жыцьцё. Як сказаў ня ўсімі забыты Карл Маркс, “Нацыя падымаецца з каленяў, калі ёй робіцца сорамна”. Толькі так мы зможам стаць на шлях пакаяньня. Па словах Сьвятого Айца Яна Паўла II, “Сёньняшняй Эўропе неабходна дадаць душу і сфармаваць сумленьне”. Здаецца, гэта ж можна сказаць і пра Беларусь.

* Шчасьлівыя, хто валодае (лац.)

Custos Morum

http://3dway.org/node/6822

грамадзтва

Previous post Next post
Up