"АСОБЫ". Плошча, якая адкрывае дарогі да сябе

Dec 19, 2010 02:23

Людзі Плошчы-2006




Удзельнікамі пратэсту ў 2006 былі студэнты, працоўныя, бізнэсмэны і інжынэры,
бацькі і іхнія дзеці, людзі з розных гарадоў і нават асобныя грамадзяне Расеі і
Ўкраіны, Польшчы і Канады. Але што бянтэжыла ўлады, дык гэта тое, што ні штодзённыя затрыманьні, ні выключэньне асьвятленьня на плошчы, ні дробныя правакацыі не спынялі прыток новых людзей ў намётавы гарадок, якія цяклі туды
штовечар шырокай ракой.
Што прыемна ўразіла ў вясновых падзеях дык гэта ўдзел у іх тысячаў і тыся-
чаў маладых людзей, якія пераступілі мяжу страху.
Алесь Бяляцкі (з кнігі “Верым, Можам, Пераможам” - 2006 год)

Сёння выпуск майго прыекту “Асобы” адмысловы. Я паспрабаваў разам з удзельнікамі падзеяў у 2006 годзе заглянуць на тую плошчу - плошчу герояў, плошчу Каліноўскага, месца дзе нарадзілася новае пакаленне маладых беларусаў. Сёння ў мяне ў гасцях прадстаўнікі маладога пакалення беларусаў, якія не спужаліся і змаглі выйсьці на Плошчу ў тым 2006 годзе . Вы можаце іх называць па-рознаму: змагарамі, парыётамі, апазіцыянерамі, альтэрнатывай. Яны тыя, хто паказаў усяму свету, што МЫ - НАЦЫЯ! Яны ёсць героі нашай з вамі Радзімы.
А цяпер давайце разам заглянем у тыя 5.000 хвілін свабоды 2006 года )

Андрэй Кім (маладзёвы актывіст ініцыятывы “РУХавік, арганізатар розных акцыяў, напрыклад “Бой падушкамі”)




Чаму вы выйшлі на Плошчу ў 2006?

Мяне не было на Плошчы 2006, мяне пасадзілі раней, схапілі калі Казулін спрабаваў трапіць на Ўсебеларускі народны сход. Я выйшаў 26га сакавіка, пасля разгону.

Што вам дала Плошча?

Але нават гэтыя суткі шмат чаго далі, я зразумеў сутнасць улады і убачыў: людзі, што супрацьстаяць ёй самыя розныя, але ўсе - добрыя. Зразумеў, што трэба змагацца за праўду.

Ці што-небудзь зьмянілася ў вашым жыцьці за гэты час?

У маім жыцці шмат што змянілася: мяне выключылі з універсітэту, я паспеў змяніць некалькі месцаў працы і адсядзець у турме. самое галоўнае - прымірыцца з Богам.

Што б вы параілі, тым хто пойдзе на Плошчу ў 2010?

Параю цёпла і практычна апрануцца, а таксама не паддавацца эмоцыям (баязлівасці, паніцы і г. д.). Галаву трэба браць з сабой.

Блогер Крысьціна - http://kryscina.com




Чаму вы выйшлі на Плошчу ў 2006?

Таму што туды павяло сэрца.

Як вы праводзілі час на Плошчы?

Трымала сцяг, спявалі песні, танчылі, каб сагрэцца, размаўлялі з людзьмі, званілі сябрам, якія з інтэрнэту даведваліся пра навіны вакол нас і распавядалі тое, што адбываецца ў лагеры.

Ці што-небудзь зьмянілася ў вашым жыцьці за гэты час?

Канешне (у мяне пост ёсць пра гэта ў блогу): пазнаёмілася з вялікай колькасцю важных людзей у маім жыцці, прыйшла ў праваабарону, занялася журналістыкай, перайшла на беларускую мову, выдала зборнік па правах студэнтаў, занялася новымі медыямі і г.д. Карацей, калі б не Плошча, на гэта ўсё ў мяне б ніколі не хапіла натхнення!

Што б вы параілі, тым хто пойдзе на Плошчу ў 2010?

Не баяцца і ісці вялікай кампаніяй сяброў. І трымацца разам! Узяць некалькі тэлефонаў, на выпадак, калі адзін сядзе. Здымаць і запісваць па магчымасці як мага больш. Узяць шмат цёплых шкарпэтак. Не піць алкаголь і не ўжываць ніякіх іншых прэпаратаў - толькі цьвярозая галава і гарачае сэрца!

Кася, медыядызайнер.




Чаму вы выйшлі на Плошчу ў 2006? У чым сэнс Плошчы?

Усе мы грамадзяне і на Плошчу я пайшла, бо гэта магчымасць выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю. І таксама каб мець адказ, дзе я была 19 сакавіка 2006 года.

Як вы праводзілі час на Плошчы?

Было шмат незнаёмых людзей, было цікава знаёміцца, размаўляць, даведвацца, каго што прывяло. У звычайны дзень складана падыйсці да незнаёмага чалавека і паразмаўляць. На Плошчы была такая магчымасць і звычайныя комплексы адступалі на другі план. Вельмі пашырае кругагляд і кола знаёмых)

Што вам дала Плошча?

Напэўна самае галоўнае - я не згубіла самапавагу. Таксама заўсёды важна пераадолець страх. Плошча навучыла не баяцца адстойваць тое, што лічу правільным. Жывем адзін раз і трэба думаць у больш шырокай перспектыве, чым “мяне выключаць з універсітэту і ўсё ляснецца”. Ня ляснецца. У абсалютна любой сітуацыі самае важнае - не губляць чалавечнасць і свае ідэалы.

Ці што-небудзь зьмянілася ў вашым жыцьці за гэты час?

Дасягнула пэўных поспехаў у сваёй спецыяльнасці. Навучанне ва ўніверсітэце мне амаль нічога не дало, акрамя разумення, што трэба рабіць тое, што табе падабаецца і не рабіць рэчаў, сэнсу якіх ты не разумееш. Стажыравалася ў Нямеччыне і ў Расеі. Цяпер шмат працую з дызайнам, з фота і з відэа. Стараюся паменей размаўляць і болей рабіць.

Што б вы параілі, тым хто пойдзе на Плошчу ў 2010?

Па-першае, падумаць, ці шмат даюць карысці размовы на кухні. Па-другое, падумаць, што значыць быць грамадзянінам і што значыць паважаць сябе. Па-трэцяе - цёпла апранацца)

Блогер hudzilin

Чаму вы выйшлі на Плошчу ў 2006?

Не мог не выйсцi... Ведаў, што не маю права быць у iншым месцы, каб потым не наракаць на сябе самога за бяздзейнасць.

Як вы праводзілі час на Плошчы?

Танцаваў i трымау абарону ў ланцугу падчас разгону плошчы. Вельмi мала часу прайшло там - меньш за суткi. Адразу пасля адбыцця сямiсуткавага арышту у Барысаве прыехаў у Мiнск...

Што вам дала Плошча?

Дарогу для пошукаў сябе.

Ці што-небудзь зьмянілася ў вашым жыцьці за гэты час?

Кардынальна i незваротна. Зьявiлася адчуванне таго, што шкадаваць у гэтым жыццi няма чаго, калi ты iмкнешся хоць нешта зрабiць.

Што б вы параілі, тым хто пойдзе на Плошчу ў 2010?

Не баяцца... самiх сябе. Посьпехау гарантаваць для кожнага не магу ў сувязi з рознымi варыянтамi наступстваў, але гэты крок варты таго, каб яго рабiць.

Асобы, Плошча-2010, Выбары-2011

Previous post Next post
Up